ДАНІІЛ 2 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 2

1 У другім годзе валадараньня Навухаданосара сьніў Навухаданосар сны, і дух ягоны стрывожыўся, і сон ягоны адыйшоў ад яго.

2 І сказаў валадар паклікаць варажбітоў, астролягаў, чараўнікоў і Халдэяў, каб распавялі валадару сны ягоныя. І яны прыйшлі, і сталі перад абліччам валадара.

3 І сказаў валадар ім: «Сьніў я сон, і стрывожыўся дух мой, бо ведаць сон».

4 І гаварылі Халдэі валадару па-арамейску: «Валадару! Жыві на вякі! Раскажы сон слугам тваім, і яго значэньне мы патлумачым».

5 Адказаў валадар і сказаў Халдэям: «Слова адыйшло ад мяне. Але калі вы не паведаміце мне сон і значэньне ягонае, вы будзеце пасечаныя, і дамы вашыя будуць ператвораныя ў руіны.

6 А калі сон і значэньне ягонае патлумачыце, атрымаеце ад мяне дары, нагароду і ўшанаваньне вялікае. Дзеля гэтага сон і значэньне ягонае растлумачце мне».

7 Яны адказалі другі раз і сказалі: «Няхай раскажа валадар слугам тваім сон, і мы патлумачым значэньне ягонае».

8 Адказаў валадар і сказаў: «Ведаю дакладна, што вы цягнеце час, бо бачыце, што адыйшло ад мяне слова.

9 Але калі вы не паведаміце мне сон, значыцца, адзін намер у вас, бо вы згадзіліся словы падманлівыя і фальшывыя казаць перада мною, пакуль ня пройдзе час. Дзеля гэтага раскажыце мне сон, і я даведаюся, што вы патлумачыце мне значэньне ягонае».

10 Адказалі Халдэі валадару і сказалі: «Няма на зямлі чалавека, які мог бы патлумачыць справу валадара. Дзеля гэтага ніякі валадар вялікі і магутны не патрабуе такога ў чараўніка, астроляга і Халдэя.

11 А гэтая справа, якую валадар патрабуе, цяжкая, і няма нікога, хто мог бы выявіць яе перад валадаром, акрамя багоў, якія не жывуць з цялеснымі».

12 З-за гэтага валадар загневаўся і зазлаваўся моцна, і сказаў выгубіць усіх мудрацоў Бабілонскіх.

13 І пастанова выйшла, каб мудрацы былі забітыя, і шукалі Данііла і сяброў ягоных, каб забіць іх.

14 Тады Данііл зьвярнуўся з радаю і разумнасьцю да Арыёха, начальніка варты валадара, які выйшаў, каб забіваць мудрацоў Бабілонскіх.

15 Ён адказаў і сказаў Арыёху, гетману валадара: «Чаму такі жорсткі загад валадара?» Тады Арыёх паведаміў гэтую справу Даніілу.

16 І Данііл пайшоў і прасіў валадара, каб той даў яму час, і ён патлумачыць валадару значэньне.

17 Тады Данііл пайшоў у дом свой і паведаміў справу гэтую Ананіі, Мішаэлю і Азарыі, сябрам сваім,

18 каб яны прасілі літасьці ў Бога Нябеснага адносна таямніцы гэтай, каб не загінулі Данііл і сябры ягоныя разам з рэштаю мудрацоў Бабілонскіх.

19 Тады Даніілу ў відзежы начным была выяўлена таямніца, і Данііл дабраславіў Бога Нябеснага.

20 Адказаў Данііл і сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлёнае імя Божае ад веку і на вякі, бо мудрасьць і сіла ў Яго.

21 І Ён зьмяняе часы і поры, Ён скідае валадароў і ставіць валадароў, дае мудрасьць мудрым і веданьне тым, якія маюць розум.

22 Ён выяўляе глыбокае і схаванае; Ён ведае, што ў цемры, і сьвятло жыве з Ім.

23 Дзякую Табе і слаўлю Цябе, Божа бацькоў маіх, што мудрасьць і сілу Ты даў мне, а цяпер паведаміў мне тое, пра што прасілі мы ў Цябе, бо Ты паведаміў нам справу валадара».

24 Пасьля гэтага Данііл пайшоў да Арыёха, якога валадар прызначыў, каб ён выгубіў мудрацоў Бабілонскіх. Ён прыйшоў і сказаў яму гэтак: «Не забівай мудрацоў Бабілонскіх. Прывядзі мяне да валадара, і я патлумачу валадару значэнне».

25 Тады Арыёх пасьпешліва прывёў Данііла да валадара і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў чалавека з сыноў палону, з Юдэяў, які паведаміць валадару значэньне».

26 Адказаў валадар і сказаў Даніілу, якога імя Бэльтэшацар: «Ці ты можаш паведаміць мне сон, які я бачыў, і значэньне ягонае?»

27 Адказаў Данііл валадару і сказаў: «Таямніцу, якую валадар патрабуе, ня могуць патлумачыць валадару ані мудрацы, ані астролягі, ані чараўнікі, ані варажбіты.

28 Але ёсьць Бог у небе, Які выяўляе таямніцы, і Ён паведамляе валадару Навухаданосару, што мае быць у канцы дзён. Сон твой і відзеж галавы тваёй на ложку тваім гэткія.

29 Да цябе, валадару, думкі твае на ложку тваім прыйшлі пра тое, што мае быць пасьля гэтага, і Той, Які выяўляе таямніцы, паказаў табе, што станецца.

30 Але мне таямніца гэтая выяўлена не з прычыны мудрасьці, што яна ёсьць у-ва мне больш, чым у-ва ўсіх, хто жыве, але дзеля таго, каб паведаміць валадару значэньне і каб ты мог ведаць думкі сэрца твайго.

31 Ты, валадару, глядзеў, і вось, адзін балван вялікі, балван вялізарны, і бляск ягоны надзвычайны. Ён стаяў перад табою, і выгляд ягоны страшны.

32 У балвана гэтага галава з чыстага золата, грудзі ягоныя і рамёны ягоныя — са срэбра, жывот ягоны і сьцёгны ягоныя — з медзі,

33 галёнкі ягоныя — з жалеза, стопы ягоныя — часткова з жалеза, а часткова з гліны.

34 Ты глядзеў, аж вось камень быў адарваны, але не рукамі, і ўдарыў у балвана, у стопы ягоныя з жалеза і гліны, і разьбіў іх.

35 Тады разьбіліся на кавалкі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся як мякіна на таку летам, і вецер панёс іх, і ніякага сьледу не знайшлося пасьля іх. А камень, які ўдарыў балвана, стаў гарою вялізарнаю і напоўніў усю зямлю.

36 Гэтакі сон, а значэньне ягонае раскажам перад валадаром.

37 Ты, валадару, — валадар валадароў, якому Бог нябесны даў валадарства, моц, сілу і славу.

38 І паўсюль, дзе жывуць сыны чалавечыя, зьвяры палявыя і птушкі нябесныя, Ён даў у руку тваю і паставіў цябе панам над усімі імі. Ты — гэта тая галава з золата.

39 А пасьля цябе паўстане іншае валадарства, ніжэйшае за цябе, і іншае трэцяе валадарства з медзі, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.

40 А чацьвёртае валадарства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза ломіць і крышыць усё, і як жалеза таўчэ ўсё, так яно зломіць і скрышыць.

41 А тое, што ты бачыў стопы і пальцы часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, валадарства будзе падзеленае, і будзе ў ім нешта з моцнасьці жалеза, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай.

42 І як пальцы ног часткова з жалеза, а часткова з гліны, так валадарства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.

43 І як ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай, так яны будуць зьмяшаныя насеньнем людзкім, але ня будуць злучаныя адно з адным, як жалеза не мяшаецца з глінаю.

44 А ў дні валадароў тых Бог Нябесны паставіць валадарства, якое вечна ня будзе зьнішчана, і гэтае валадарства ня будзе пераходзіць да іншага народу; яно скрышыць і зруйнуе ўсе валадарствы, а само будзе стаяць на вякі,

45 бо ты бачыў, што ад гары быў адарваны камень, але не рукамі, і ён разьбіў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Бог вялікі паказаў валадару тое, што станецца пасьля. І сон гэты праўдзівы, і значэньне яго дакладнае».

46 Тады валадар Навухаданосар упаў на аблічча сваё, і пакланіўся Даніілу, і загадаў, каб прынесьлі яму дары і кадзіла.

47 Валадар адказаў Даніілу і сказаў: «Сапраўды, Бог ваш — Бог багоў і Гаспадар валадароў! Ён выяўляе таямніцы, бо ты змог выявіць таямніцу гэтую».

48 Тады валадар узьвялічыў Данііла і даў яму шмат вялікіх дароў, і зрабіў яго панам над усёй краінай Бабілонскай і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Бабілонскімі.

49 І Данііл прасіў валадара, і ён паставіў над справамі краіны Бабілонскай Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, а Данііл пры браме валадарскай.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help