1 І задрыжэў валадар, і пайшоў у верхняе памяшканьне брамы, і плакаў. А калі ішоў, гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
2 І паведамілі Ёаву: «Вось, валадар плача і ў жалобе дзеля Абсалома».
3 І сталася перамога ў той дзень жалобаю для ўсяго народа, бо народ пачуў у той дзень вестку: «Валадар сумуе дзеля сына свайго».
4 У той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як уваходзяць людзі асаромленыя, якія ўцяклі з бітвы.
5 А валадар закрыў аблічча сваё, і галасіў валадар моцным голасам: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
6 І ўвайшоў Ёаў да валадара ў дом, і сказаў: «Ты асароміў сёньня аблічча ўсіх слугаў тваіх, якія захавалі душу тваю і душы сыноў тваіх і дачок тваіх, і душы жонак тваіх і наложніцаў тваіх.
7 Ты любіш тых, якія ненавідзяць цябе, і ў нянавісьці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёньня паказаў, што для цябе нішто князі твае і слугі твае. Бо я зразумеў сёньня, што калі б Абсалом застаўся пры жыцьці, а мы ўсе паўміралі, гэта было б слушным у вачах тваіх.
8 І цяпер падыміся, выйдзі і прагавары да сэрца слугаў тваіх. Прысягаю табе на ГОСПАДА, што калі ня выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе. Гэта будзе горш табе, чым усе беды, якія прыходзілі на цябе ад маладосьці тваёй аж да цяпер».
9 І ўстаў валадар, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, кажучы: «Вось, валадар сядзіць у браме». І прыходзіў увесь народ перад аблічча валадара, а Ізраіль уцёк у намёты свае.
10 І спрачаўся ўвесь народ у-ва ўсіх каленах Ізраіля, кажучы: «Валадар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук Філістынцаў. І цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам.
11 А Абсалом, якога мы памазалі на валадара, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не вяртаеце валадара?»
12 І паслаў валадар Давід да Цадока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старшыняў Юды, кажучы: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара ў дом ягоны? Слова ўсяго Ізраіля дайшло ўжо да валадара, у дом ягоны.
13 Вы — браты мае, вы — костка мая і цела маё. Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара?”
14 А Амасе скажыце: “Ці ты ня костка мая і цела маё? Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ты ў мяне ня будзеш у-ва ўсе дні начальнікам войска на месцы Ёава”».
15 І прыхіліў ён сэрцы ўсіх людзей Юды, як аднаго чалавека. І паслалі яны да валадара: «Вярніся ты і ўсе слугі твае».
16 І вярнуўся валадар, і прыйшоў да Ярдану. А Юда прыйшоў у Гільгал, каб прыйсьці на спатканьне валадару, каб перавесьці яго праз Ярдан.
17 І Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, пасьпяшаўся з людзьмі Юды на сустрэчу з валадаром Давідам.
18 А з ім была тысяча Бэн’ямінцаў і Цыва, слуга дому Саўла, і пятнаццаць сыноў ягоных, і дваццаць слугаў ягоных з ім. І пераправіліся яны праз Ярдан перад абліччам валадара.
19 І перайшлі яны брод, каб пераправіць дом валадара і зрабіць тое, што добрае ў вачах ягоных. І Шымэй, сын Гера, упаў перад абліччам валадара, калі той меў пераправіцца праз Ярдан,
20 і сказаў валадару: «Не залічвай віну мне, гаспадару мой, і не памятай на крыўду слугі твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, валадар, выходзіў з Ерусаліму. І не бяры гэтага да сэрца свайго.
21 Бо ведае слуга твой, што я саграшыў, і вось, першы з усяго дому Язэпа выходжу сёньня на спатканьне гаспадара майго, валадара».
22 І адказаў Абішай, сын Цэруі, і сказаў: «Ці ж ня будзе забіты Шымэй за тое, што праклінаў памазанца ГОСПАДАВАГА?»
23 Але Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі, што вы сталіся для мяне сёньня супраціўнікамі? Сёньня ніхто не павінен паміраць у Ізраілі, бо с ведаю, што сёньня я валадаром над Ізраілем».
24 І сказаў валадар Шымэю: «Не памрэш!» І запрысягнуў яму валадар.
25 І Мэфібашэт, сын Саўла, выйшаў на спатканьне валадара. Ня мыў ён ногі свае, ня стрыг барады сваёй і ня мыў адзеньня свайго з таго дня, у які валадар выехаў, і аж да дня, калі вярнуўся ў супакоі.
26 І калі ён прыйшоў на спатканьне валадара ў Ерусалім, сказаў яму валадар: «Чаму ты не пайшоў са мною, Мэфібашэт?»
27 Ён сказаў: «Гаспадару мой, валадар, ашукаў мяне слуга мой! Я, слуга твой, сказаў слузе свайму: “Вазьму сабе асла, сяду на яго і паеду з валадаром”, бо кульгавы слуга твой.
28 Але ён ачарніў слугу твайго перад гаспадаром маім, валадаром. Але ты, гаспадару мой, валадар, як анёл Божы, таму рабі, што добрае ў вачах тваіх.
29 Увесь дом бацькі майго варты быў сьмерці перад гаспадаром маім, валадаром, але ты пасадзіў слугу твайго між тых, што ядуць са стала твайго. Дык якая праведнасьць мая і пра што мне крычаць да валадара?»
30 І сказаў яму валадар: «Навошта ты гаворыш словы гэтыя? Я сказаў, каб ты і Цыва падзялілі поле».
31 І сказаў Мэфібашэт валадару: «Няхай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, валадар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!»
32 А Барзілай Гілеадзец прыйшоў з Рагэліму і перайшоў з валадаром праз Ярдан, каб разьвітацца з ім за Ярданам.
33 Барзілай быў вельмі стары, меў ён восемдзясят гадоў. Ён забясьпечыў валадара, калі ён быў у Маханаіме, бо быў чалавекам вельмі багатым.
34 І сказаў валадар Барзілаю: «Хадзі са мною, і я забясьпечу цябе ў Ерусаліме».
35 І сказаў Барзілай валадару: «Колькі дзён гады жыцьця майго, каб ісьці мне з валадаром у Ерусалім?
36 Маю сёньня восемдзясят гадоў. Ці я адрозьню, што добрае, а што кепскае? Ці будзе смакаваць слузе твайму ежа і пітво? Ці магу я яшчэ слухаць голас сьпевакоў і сьпявачак? Навошта слуга твой мае быць цяжарам для гаспадара майго, валадара?
37 Крыху пяройдзе слуга твой з валадаром за Ярдан. Але навошта валадару аднагароджваць мне такою платаю?
38 Дазволь слузе твайму вярнуцца, каб памерці ў горадзе сваім, побач з магілай бацькі майго і маці маёй. Але вось, слуга твой, Кімгам, няхай пойдзе з гаспадаром маім, валадаром, і ты зрабі яму тое, што добра ў вачах тваіх».
39 І сказаў валадар: «Кімгам няхай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добра ў вачах тваіх, і ўсё, пра што будзеш мяне прасіць, я зраблю для яго».
40 І ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, і валадар перайшоў, і пацалаваў валадар Барзілая, і дабраславіў яго, і ён вярнуўся на месца сваё.
41 І пайшоў валадар у Гільгал, і Кімгам пайшоў з ім. І ўвесь народ Юды перайшоў разам з валадаром, і таксама палова народу Ізраіля.
42 І вось, прыйшлі да валадара ўсе людзі Ізраіля, і сказалі валадару: «Чаму браты нашыя, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі валадара і дом ягоны праз Ярдан, і ўсіх людзей Давіда разам з ім?»
43 І адказалі ўсе людзі Юды людзям Ізраіля: «Бо валадар нам бліжэйшы. Чаму вы лічыце гэта ліхім для вас? Ці мы зьелі што ў валадара? Ці мы забралі для сябе?»
44 І адказалі людзі Ізраіля людзям Юды, і сказалі: «Дзесяць рук маіх у валадара, і таму ў Давіда мы за вас. Дык чаму вы пагарджаеце намі? Хіба ня мы першыя сказалі слова, каб вярнуць валадара нашага?» Але слова людзей Юды было мацнейшым, чым слова людзей Ізраіля.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.