ЭЗЭКІЭЛЬ 47 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 47

1 І ён завёў мяне да ўваходу ў Дом. І вось, вада выцякала з-пад парогу Дому на ўсход, бо пярэдні бок Дому гэтага на ўсход; а вада выцякала з-пад правага боку Дому, з паўднёвага боку ад ахвярніка.

2 І ён вывеў мяне шляхам праз браму паўночную, і павёў мяне звонку вакол да вонкавай брамы шляхам, скіраваным на ўсход. І вось вада выцякала з-пад правага боку Дому.

3 І выйшаў той муж на ўсход, і шнур ў руцэ ягонай. І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, і вада да костак.

4 І ён адмерыў тысячу, і перавёў мяне праз ваду, і вада была да каленяў. І ён адмерыў тысячу, і перавёў мяне, і вада была да паясьніцы.

5 І ён адмерыў тысячу, струмень, праз які ня мог я перайсьці, бо вада ўзьнялася, вада для плаваньня, струмень, праз які нельга перайсьці.

6 І ён сказаў мне: «Ці ты бачыў, сыне чалавечы?» І ён павёў мяне, і завёў на бераг струмяня гэтага.

7 Калі я вярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе струмяня вельмі шмат дрэваў.

8 І ён сказаў мне: «Вада гэтая цячэ на абшар усходні, і зыходзіць на стэп, упадае ў Мора, і разьліваецца ў моры, і воды тыя становяцца здаровымі.

9 І станецца, што ўсякая душа жывая, якая там множыцца, куды толькі прыйдзе струмень гэты, будзе жыць, і будзе там вельмі шмат рыбы, бо куды дацякуць тыя воды, там будзе аздароўлена і будзе жыць усё там, куды дацячэ струмень гэты.

10 І станецца, што будуць над ім стаяць рыбакі, ад Эн-Геды аж да Эн-Эгляіму, і будзе гэта месца на стаўленьне сетак, і будуць там рыбы паводле гатунку свайго, як рыбы з Мора Вялікага, вельмі шмат.

11 Але балоты ягоныя і затокі ягоныя ня будуць аздароўлены, бо яны дадзеныя для солі.

12 А пры струмяні на беразе ягоным з аднаго і другога боку будуць расьці ўсялякія дрэвы пладовыя, і лісьце іхняе ня зьвяне, і плады іхнія ня спыняцца, кожны месяц будуць яны радзіць новыя, бо воды гэтыя выходзяць са сьвятыні. І будуць плады іхнія на ежу, а лісьце іхняе — на лекі».

13 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэта мяжа, у якой вы ўспадкаеміце зямлю для дванаццаці каленаў Ізраіля. Язэп дзьве часткі.

14 І вы ўспадкаеміце яе, кожны так, як брат ягоны, бо Я ўзьняў руку Маю, што дам яе бацькам вашым. І будзе зямля гэтая для вас у спадчыну.

15 Гэта межы зямлі: з паўночнага боку ад Мора Вялікага ў накірунку да Хэтлёну, як ісьці ў Цэдаду,

16 Хамат, Бэроту і Сібраім, якія паміж мяжой Дамаску і мяжой Хамату, Хацар-Гатыхону, які на мяжы Хаўрану.

17 І будзе мяжа ад Мора да Хацар-Энону, паўночная мяжа Дамаску і мяжа Хамату на поўначы. Гэта бок паўночны.

18 А з боку ўсходняга — паміж Хаўранам і Дамаскам, паміж Гілеадам і зямлёй Ізраіля, па Ярдану мяжу аж да Мора Усходняга вы будзеце мерыць. Гэта бок усходні.

19 А з боку паўднёвага ў правы бок — ад Тамару аж да водаў Мэрывот-Кадэшу, уздоўж ручая да Мора Вялікага. Гэта бок паўднёвы з правага боку ў бок Нэгеву.

20 А з боку заходняга — Мора Вялікае ад мяжы аж да месца насупраць уваходу ў Хамат. Гэта бок заходні.

21 І вы падзеліце зямлю гэтую для сябе паводле дванаццаці каленаў Ізраіля.

22 І станецца, што вы падзеліце яе жэрабем на спадчыну для вас і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас, і будуць яны для вас як тутэйшыя сярод сыноў Ізраіля, разам з вамі яны кінуць жэрабя пра спадчыну сярод каленаў Ізраіля.

23 І станецца, што ў тым калене, у якім жыве прыхадзень, дасьцё яму спадчыну ягоную, кажа Госпад ГОСПАД.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help