ДРУГАЗАКОНЬНЕ 1 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Друг 1

1 Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафэлем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,

2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён ад Харэву праз горы Сэір да Кадэш-Барнэа.

3 І сталася ў саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы месяца прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД загадаў сказаць ім.

4 Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі,

5 за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты, кажучы:

6 «ГОСПАД, Бог наш, прамовіў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.

7 Павярніцеся і выйдзіце, і ідз­іце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, у зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат.

8 Глядзіце, Я даў вам гэтую зямлю. Увайдзіце, вазьміце на ўласнасьць зямлю гэтую, якую запрысяг ГОСПАД даць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”.

9 І сказаў я вам у той час: “Не магу я адзін весьці вас;

10 ГОСПАД, Бог ваш, па­множыў вас, і вось, сёньня вы шматлікія, як зоркі ў небе.

11 ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, няхай павялічыць вас у тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.

12 Як я адзін панясу патрэбы вашыя, цяжары вашыя і спрэчкі вашыя?

13 Выберыце сабе ў каленах вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”.

14 І адказалі вы мне, і сказалі: “Добрая гэта рэч, якую ты кажаш зрабіць”.

15 І выбраў я тады з начальнікаў каленаў вашых мужоў справядлівых і выспрабаваных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для каленаў вашых.

16 І загадаў я судзьдзям вашым, кажучы: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва між чалавекам і братам ягоным, і прыхаднем.

17 Не глядзіце на аблічча ў судзе, выслухайце як малога, так і вялікага. Ня бойцеся аблічча чалавека, бо гэта суд Божы. А справу, якая для вас будзе цяжкай, прынясіце да мяне, і я выслухаю яе”.

18 І я загадаў вам пра ўсе рэчы, якія вы маеце рабіць.

19 І вырушылі мы ад Харэву і прайшлі ўсю пустыню гэтую, вялікую і страшную, якую вы бачылі, па шляху да гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.

20 І я сказаў вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія ГОСПАД, Бог наш, дае нам.

21 Глядзі, ГОСПАД, Бог ваш, даў зямлю перад абліччам вашым, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і не палохайся”.

22 І падыйшлі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад абліччам нашым, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”.

23 І было добрым у вачах маіх слова гэтае, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужоў, па адным з кожнага калена.

24 І яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі да даліны Эшколь, і агледзелі яе.

25 І ўзялі яны ў рукі свае плады той зямлі, і прынесьлі нам, і паведамілі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”.

26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага.

27 І наракалі ў намётах сваіх, і казалі: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.

28 Куды пойдзем? Браты нашыя напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: “Народ той шматлікі і большы за нас, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; і бачылі мы таксама там сыноў Анака”.

29 І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх.

30 ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе ваяваць за нас, як зрабіў Ён у Эгіпце на вачах нашых,

31 і ў пустыні, дзе ты бачыў, як ГОСПАД, Бог твой, насіў цябе, як носіць чалавек сына свайго, на ўсім шляху, якім вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў месца гэтае.

32 Але вы так і не паверылі слову ГОСПАДА, Бога вашага,

33 Які ішоў перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца для табару вашага — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам шлях, якім маеце ісьці, а ўдзень — у воблаку”.

34 І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых, і разгневаўся, і прысягнуў, кажучы:

35 “Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я прысягнуў даць бацькам вашым,

36 акрамя Халева, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я зямлю гэтую, па якой ён хадзіў, бо ён спаўняў ГОСПАДА”.

37 Таксама на мяне загневаўся ГОСПАД з-за вас, кажучы: “І ты туды ня ўвойдзеш.

38 Егошуа, сын Нуна, які стаіць перад абліччам тваім, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён дасьць Ізраілю ў валоданьне.

39 Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць туды; ім Я дам зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.

40 А вы павярніце і рушце ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага”.

41 І адказалі вы мне, і сказалі: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.

42 І сказаў ГОСПАД мне: “Скажы ім: "Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя"”.

43 І я прамаўляў да вас, і вы не паслухалі, і супрацівіліся слову ГОСПАДА, і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.

44 І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.

45 І вярнуліся вы, і плакалі перад абліччам ГОСПАДА, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага і не прыхіліў вуха да вас.

46 І былі вы ў Кадэшы шмат дзён, столькі дзён, колькі там заставаліся.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help