1 ВАЛАДАРОЎ 12 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Вал 12

1 І пайшоў Рэхабаам у Сыхэм, бо ў Сыхэм прыйшоў увесь Ізраіль, каб паставіць яго валадаром.

2 І сталася, што пачуў Ерабаам, сын Навата, а ён яшчэ быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту.

3 І паслалі, і паклікалі яго. І прыйшоў Ерабаам і ўся царква Ізраіля, і прамовілі яны да Рэхабаама, кажучы:

4 «Бацька твой узлажыў на нас ярмо цяжкае, а ты цяпер зьменшы цяжкія работы баць­кі твайго і цяжар ярма ягонага, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе».

5 І ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І народ адыйшоў.

6 І валадар Рэхабаам раіўся са старшынямі, якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, калі ён яшчэ жыў, кажучы: «Якое слова вы параіце мне адказаць народу гэтаму?»

7 І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі сёньня будзеш слугою народу гэтага і прыслу­жышся яму, і адкажаш ім, і прамовіш да іх словы добрыя, будуць яны слугамі тваімі ў-ва ўсе дні».

8 Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны яму далі, і раіўся з юнакамі, якія гадаваліся разам з ім і якія стаялі перад абліччам ягоным.

9 І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму? Бо яны прамовілі да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое ўзлажыў на нас бацька твой”».

10 І прамовілі да яго юнакі, якія разам з ім гадаваліся, кажучы: «Так скажы гэтаму народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшым ярмо нашае”. Так прамоў да іх: “Найменшы палец мой таўшчэйшы за сьцёгны бацькі майго.

11 Бацька мой узлажыў на вас ярмо цяжкае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».

12 І на трэці дзень прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама, як быў ім сказаўшы валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне праз тры дні».

13 І адказаў валадар народу жорстка, бо ён адкінуў параду старшыняў, якую яны яму давалі,

14 а прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Баць­ка мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі».

15 І не паслухаў валадар народу, бо гэта было вызначана ГОС­ПАДАМ, каб споўнілася слова, якое ГОСПАД прамовіў праз Ахію з Шыло Ерабааму, сыну Навата.

16 І ўбачыў увесь Ізраіль, што валадар ня чуе іх, і адказаў народ валадару слова, кажучы: «Якая частка нашая ў Даві­дзе або якая спадчына ў сыне Есэя? Ізраіль, ў намёты свае! Цяпер, Давід, сам глядзі дом твой!» І пайшоў Ізраіль у намёты свае.

17 І Рэхабаам заваладарыў толькі над тымі сынамі Ізраіля, якія жылі ў гарадах Юды.

18 І паслаў валадар Рэхабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю, і ўкаменавалі яго камянямі ўсе Ізраільцяне, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпешліва сеў у калясьніцу, і ўцёк у Ерусалім.

19 І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж да сёньняшняга дня.

20 І пачуў увесь Ізраіль, што вярнуўся Ерабаам, і паслалі, і паклікалі яго да грамады, і паставілі яго валадаром над усім Ізраілем. А пры доме Давіда не засталося нікога, апрача калена Юды.

21 І вярнуўся Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў увесь дом Юды і калена Бэн’яміна, сто восем­дзясят тысячаў выбранцоў, каб пачаць вайну з домам Ізраіля і вярнуць валадарства Рэхабааму, сыну Салямона.

22 І было слова Божае да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:

23 «Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэн’яміна, і рэшце народу, кажучы:

24 “Гэта кажа ГОСПАД. Не ідзіце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраіля. Няхай кожны вяртаецца ў дом свой, бо ад Мяне сталася гэта”». І яны паслухаліся слова ГОСПАДА, і вярнуліся, ідучы паводле слова ГОСПАДА.

25 І пабудаваў Ерабаам Сыхэм на гары Эфраіма, і абжыўся там, а выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.

26 І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер валадарства вернецца да дому Давіда,

27 калі народ гэты будзе ха­дзіць складаць ахвяры ў Доме ГОСПАДА ў Ерусаліме, і вернецца сэрца народу гэтага да гаспадара свайго Рэхабаама, валадара Юды. І яны заб’юць мяне, і вернуцца да Рэхабаама, валадара Юды».

28 І радзіўся валадар, і зрабіў двух залатых быкоў і сказаў: «Далёка для вас ха­дзіць у Ерусалім! Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».

29 І паставіў аднаго ў Бэтэлі, а другога паставіў у Дане.

30 І гэта прывяло да грэху, і народ стаў хадзіць перад аблічча аднаго з іх аж у Дан.

31 І паставіў ён сьвятыню на ўзгорку, і паставіў сьвятарамі людзей, якія не былі сынамі Левія.

32 І ўстанавіў Ерабаам сьвята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае да таго сьвята, якое ў Юдзе, і сам узыйшоў да ахвярніка. І зрабіў ён так у Бэтэлі, складаючы ахвяру крывавую быкам, якіх сам зрабіў. І паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.

33 І ўзыйшоў ён да ахвярніка, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які вызначыў паводле сэрца свайго, і ўстанавіў сьвята для сыноў Ізраіля. І ўзыйшоў ён да ахвярніка, каб кадзіць.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help