1 САМУЭЛЯ 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 9

1 І быў адзін ваяр мужны з Бэн’яміна, на імя Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афіяха, сына Бэн’яміна.

2 І быў у яго сын, імя якога Саўл, малады і прыгожы, і не было спаміж сыноў Ізраіля лепшага за яго. Ён быў на галаву вышэй ад усяго народу.

3 І прапалі ў Кіша, бацькі Саўла, асьліцы. І сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго са слугаў, устань і ідзі, пашукай асьліцаў».

4 І прайшоў ён гару Эфраіма і зямлю Шаліша, і не знайшоў. І прайшлі яны зямлю Шаалім, і не было іх, пасьля зямлю Бэн’яміна, і не знайшлі.

5 І прыйшлі яны ў зямлю Цуф, і сказаў Саўл слузе свайму, які з ім: «Хадзем, вернемся, каб бацька мой, забыўшыся пра асьліцаў, ня стаў хвалявацца пра нас».

6 сказаў яму: «Вось, у гэтым горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шанаваны. Усё, што ён кажа, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён распавядзе нам пра шлях, па якім нам трэба ісьці».

7 І сказаў Саўл слузе свайму: «Так, зойдзем. Але што падаруем мы чалавеку гэтаму? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка ня маем, які маглі б прынесьці чалавеку Божаму. Што мы маем?»

8 А слуга зноў сказаў Саўлу: «Вось, я знайшоў у руцэ маёй чвэрць сыкля срэбра, дык дамо гэта чалавеку Божаму, а ён распавядзе нам пра шлях наш».

9 Раней у Ізраілі кожны, хто ішоў параіцца ў Бога, так казаў: «Хадземце да відушчага»; бо хто сёньня называецца прарокам, раней называўся відушчым.

10 І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра ты сказаў, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.

11 Калі яны падыйшлі да гораду, напаткалі дзяўчат, якія выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве відушчы?»

12 Яны адказалі ім, кажучы: «Тут, вось, перад табой. Пасьпяшайся цяпер, бо сёньня ён прыйшоў у горад, бо сёньня народ складае ахвяру на ўзгорку.

13 Калі ўвойдзеце ў горад, сустрэнеце яго там, перш чым пойдзе частавацца на ўзгорак, бо народ ня есьць, пакуль ён ня прыйдзе. Бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, зараз яго сустрэнеце».

14 І падняліся яны ў горад. Калі яны ўвайшлі ў горад, вось, Самуэль ідзе насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.

15 А ГОСПАД аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыйсьцем Саўла, кажучы:

16 «Заўтра ў гэтую самую пару пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэн’яміна. Ты памажаш яго на валадара народу Майго Ізраіля. Ён вызваліць народ Мой з рук Філістынцаў, бо Я ўзглянуў на народ Мой, бо лямант ягоны дайшоў да Мяне».

17 Калі Самуэль глянуў на Саўла, ГОСПАД сказаў яму: «Гэта той чалавек, пра якога Я казаў табе. Ён будзе валадаром над народам Маім».

18 І Саўл падыйшоў да Самуэля ў браме, і сказаў: «Пакажы мне, калі ласка, дзе дом відушчага?»

19 Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я — відушчы. Узый­дзі да мяне на ўзгорак, і падсілкуемся сёньня разам. Я адпушчу цябе раніцаю і скажу табе ўсё, што трывожыць сэрца тваё.

20 А што датычыць асьліцаў, якія прапалі тры дні таму, не клапаціся, бо яны ўжо знайшліся. Бо каму будзе належаць усё, што найлепшае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»

21 Адказаў Саўл яму і сказаў: «Ці ж я не Бэн’ямінец, з найменшага калена Ізраіля? І сям'я мая ці не найменшая з усіх сем'яў калена Бэн’яміна? Чаму тады ты гаворыш мне словы гэтыя?»

22 І ўзяў Самуэль Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца між запрошанымі, якіх было каля трыццаці чалавек.

23 І сказаў Самуэль кухару: «Дай тую частку, якую я даў табе і пра якую казаў табе: “Адкладзі яе ў сябе”».

24 І кухар узяў сьцягно і тое, што было пры ім, і палажыў перад Саўлам. І сказаў: «Вось тое, што пакінутае. Палажы перад сабой і еш, бо гэта раней захавана для цябе, калі я вырашыў склікаць людзей». У той дзень елі разам Саўл з Самуэлем.

25 І зыйшлі яны з узгорку ў горад. І ён размаўляў з Саўлам на даху.

26 Калі раніцай яны ўсталі і ўжо разьвіднела, паклікаў Самуэль Саўла на дах і сказаў: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл, і выйшлі яны абодва, ён і Самуэль.

27 І калі падыходзілі яны да канца гораду, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы слузе, каб пайшоў перад намі». І калі ён пайшоў, сказаў: «Ты цяпер спыніся, і я абвяшчу табе слова Бога».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help