2 ЛЕТАПІСАЎ 24 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 24

1 Сем гадоў было Ёашу, калі ён пачаў валадарыць, і сорак гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы.

2 І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ўсе дні Егаяды сьвятара.

3 І ўзяў для яго дзьве жонкі, і ён меў сыноў і дочак.

4 І сталася пасьля гэтага, было ў сэрцы Ёаша аднавіць Дом ГОСПАДА.

5 І сабраў ён сьвятароў і лявітаў, і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юды, і зьбірайце з усяго Ізраіля срэбра на направу Дому Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў справе гэтай». Але не сьпяшаліся лявіты.

6 І паклікаў валадар Егаяду, галаву, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад лявітаў, каб яны прыносілі з Юды і з Ерусаліму дары, Майсей, слуга ГОСПАДА, і царква Ізраіля для Намёту Сьведчаньня?»

7 Бо сыны Аталіі, гэтай бязбожніцы, уварваліся ў Дом ГОСПАДА і ўсе пасьвячоныя рэчы Дому ГОСПАДА аддалі Баалам.

8 І сказаў валадар, і зрабілі адну скрыню, і паставілі яе ў браме Дому ГОСПАДА звонку.

9 І абвясьцілі ў Юдзе і ў Ерусаліме, каб прыносілі ГОСПАДУ дары, Майсей, слуга Божы, Ізраілю ў пустыні.

10 І радаваліся ўсе князі і ўвесь народ, і прыносілі, і кідалі ў скрыню, аж пакуль напоўнілі.

11 І было ў той час, што прыносілі скрыню рукамі лявітаў да ўраду валадарскага, і калі бачылі, што шмат срэбра, тады прыходзіў пісар валадарскі і прадстаўнік сьвятара найвышэйшага, і высыпалі са скрыні, і бралі яе, і адносілі яе зноў на месца сваё. Гэтак яны рабілі дзень пры дні, і сабралі шмат срэбра.

12 І давалі яго валадар і Егаяда тым, якія рабілі працу абслугоўваньня Дому ГОСПАДА, і наймалі каменяроў і цесьляроў, каб аднаўляць Дом ГОС­ПАДА, а таксама майстроў жалеза і медзі, каб мацаваць Дом ГОСПАДА.

13 І рабілі працаўнікі, і хутка ішла праца ў руках іхніх, і паставілі Дом ГОСПАДА на месцы ягоным, і ўмацавалі яго.

14 І калі скончылі, прынесьлі рэшту срэбра перад аблічча валадара і Егаяды, і зрабілі начыньне для Дому ГОСПАДА, начыньне для служэньня і цэласпаленьня, і келіхі, і начыньне залатое і срэбнае. І прыносілі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА заўсёды ў-ва ўсе дні Егаяды.

15 І пастарэў Егаяда, і быў насычаны днямі, і памёр. Ён меў сто трыццаць гадоў, калі памёр.

16 І пахавалі яго ў горадзе Давіда з валадарамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі для Бога і для Дому Ягонага.

17 А пасьля сьмерці Егаяды прыйшлі князі Юды, і пакланіліся валадару; тады валадар пачаў слухаць іх.

18 І пакінулі яны Дом ГОС­ПАДА, Бога бацькоў сваіх, і служылі Астартам і ідалам, і прыйшоў гнеў на Юду і на Ерусалім за гэтую правіну іхнюю.

19 І Ён пасылаў да іх прарокаў, каб навярнуць іх да ГОС­ПАДА, і яны сьведчылі супраць іх, але яны не зважалі.

20 І Дух Божы ахінуў Захарыю, сына Егаяды сьвятара, і ён стаў перад народам, і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму вы парушаеце прыказаньні ГОС­ПАДА? Ня будзеце мець посьпеху, бо вы пакінулі ГОСПАДА, і Ён пакінуў вас”».

21 І яны змовіліся супраць яго, і закідалі камянямі паводле загаду валадара на панадворку Дому ГОСПАДА.

22 І не ўзгадаў валадар Ёаш міласэрнасьць, якую Егаяда, бацька ягоны, зрабіў яму, і забіў сына ягонага. І, паміраючы, той сказаў: «Няхай убачыць ГОСПАД і адпомсьціць».

23 І сталася напрыканцы году, выйшла супраць яго вой­ска Сірыйскае, і прыйшлі ў Юду і Ерусалім, і выбілі ўсіх князёў народу спаміж народу, і ўсю здабычу сваю паслалі валадару Дамаску.

24 Хоць войска Сірыйскае прыйшло ў малой колькасьці, але ГОСПАД даў сілу вельмі вялікую ў рукі іхнія, бо пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і яны ўчынілі суды над Ёашам.

25 І калі адыйшлі ад яго, пакінуўшы яго ў шматлікіх хваробах, слугі ягоныя змовіліся супраць яго за кроў сыноў Егаяды сьвятара, і забілі яго на ложку ягоным, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не пахавалі яго ў магіле валадарскай.

26 А гэта тыя, якія змовіліся супраць яго: Завад, сын Шымэаты Аманянкі, і Егазавад, сын Шымрыт Мааўлянкі.

27 А пра сыноў ягоных, і пра мноства цяжараў, на яго, і пра направу Дому Божага, вось, гэта запісана ў гісторыі Кнігі валадароў. І пачаў валадарыць Амазія, сын ягоны, пасьля яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help