АМОС 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ам 9

1 Я бачыў Госпада, Які стаяў на ахвярніку, і Ён сказаў: «Удар па бэльцы, і затрасуцца вушакі, і ўпадуць на галовы ўсіх іх. А тых, якія застануцца, Я заб’ю мячом. Не ўцячэ той, які ўцякае, і не схаваецца той, які хаваецца.

2 Нават калі яны закапаюцца ў апраметную, адтуль рука Мая возьме іх. Нават калі яны ўзьлезуць у неба, адтуль Я скіну іх.

3 Нават калі яны схаваюцца на вяршыні Кармэлю, і там адшукаю іх і вазьму іх. Нават калі схаваюцца перад вачыма Маімі на дне мора, і там загадаю зьмею, і ён укусіць іх.

4 І нават калі яны пойдуць у палон перад абліччам ворагаў сваіх, там загадаю мячу, і ён заб’е іх; і Я зьвярну вочы Мае на іх на ліха, а не на дабро.

5 І Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, дакранецца да зямлі, і яна растопіцца, і залямантуюць усе, якія жывуць на ёй, і яна ўся ўздымецца, як рака, і затопіць, як рака Эгіпецкая.

6 Той, Які збудаваў сьвяцілы Свае ў небе і скляпеньні Свае заклаў на зямлі, кліча воды марскія і вылівае іх на аблічча зямлі. ГОСПАД — імя Ягонае.

7 Хіба вы для Мяне не такія, сыны Ізраіля, як сыны Кушанаў, кажа ГОСПАД? Хіба ня Я вывеў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, а Філістынцаў — з Кафтору, і Сірыйцаў — з Кіру?

8 Вось, вочы Госпада ГОСПАДА — супраць валадарства грэху, і Я зьнішчу яго з аблічча зямлі, але зьнішчаючы, ня зьнішчу дом Якуба, кажа ГОСПАД.

9 Бо, вось, Я загадаю і расьцярушу дом Ізраіля паміж усіх народаў так, як сеюць у рэшаце, і не ўпадуць зярняты на зямлю.

10 Ад мяча памруць усе грэшнікі народу Майго, якія кажуць: “Не наблізіцца, не сустрэне нас ліха”.

11 У той дзень Я пастаўлю намёт Давіда, які ўпаў, зараблю выломы ягоныя, і аднаўлю руіны ягоныя, і адбудую яго, як у дні старадаўнія,

12 каб яны ўспадкаемілі рэшту Эдому і ўсе народы, над якімі клікалі імя Маё, кажа ГОСПАД, Які робіць гэта.

13 Вось, прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, што араты сустрэне жняца, а той, які топча вінаград, таго, які сее насеньне; і з гор будзе сьцякаць маладое віно, і ўсе ўзгоркі растопяцца.

14 І Я вярну палонных народу Майго Ізраіля, і яны адбудуюць гарады спустошаныя, і будуць жыць, і пасадзяць вінаграднікі, і будуць піць віно іхняе, і закладуць сады, і будуць есьці плады іхнія.

15 І Я пасаджу іх на зямлі іхняй, і ня будуць больш выганяць іх з зямлі іхняй, якую Я даў ім, кажа ГОСПАД, Бог твой».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help