ІСАЯ 19 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 19

1 Цяжар адносна Эгіпту. Вось, ГОСПАД нясецца на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Эгіпет. І задрыжаць ідалы Эгіпецкія перад абліччам Ягоным, і сэрца Эгіпту растопіцца ў грудзях ягоных.

2 І падымуцца Эгіпцяне супраць Эгіпцянаў; і будзе ваяваць кожны супраць брата свайго, і кожны супраць бліжняга свайго, горад супраць гораду, валадарства супраць валадарства.

3 І заломіцца дух Эгіпту ў ім самім. І Я заблытаю раду ягоную, яны будуць радзіцца з ідаламі, з духамі памёршых, з чараўнікамі і з варажбітамі.

4 І Я аддам Эгіпет у рукі гаспадара жорсткага, і валадар люты будзе панаваць над імі, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.

5 І зьнікне вада ў моры, і рака будзе сохнуць і высахне.

6 І засьмярдзяць рэкі, і ручаі ў Эгіпце зьмялеюць і высахнуць, а трысьнёг і чарот зьвянуць.

7 Палі пры рацэ, на берагах ракі, і ўсё пасеянае пры рацэ высахне, будзе разьвеянае і прападзе.

8 І будуць засмучаныя ўсе рыбакі, і будуць плакаць тыя, якія закідваюць вуду ў раку, а тыя, якія ставяць нерат на абліччы вады, страцяць надзею.

9 І асаромяцца тыя, якія працуюць пры чэсаным лёне, і ткачы палотнаў зьбялеюць.

10 І будуць парваныя асновы, і тыя, што працуюць за плату, будуць зьбянтэжаныя ў душы.

11 О, як здурнелі князі Цаану! Мудрыя даюць фараону раду недарэчную. Як вы казаць фараону: «Я — сын мудрацоў, сын валадароў старадаўніх»?

12 Дзе цяпер мудрацы твае? Няхай яны пакажуць табе і няхай дадуць ведаць, што вырашыў ГОСПАД Магуцьцяў адносна Эгіпту.

13 Здурнелі князі Цаану, падманутыя князі Нофу, ашукалі Эгіпет старшыні плямёнаў ягоных.

14 ГОСПАД даў яму дух ап’яненьня, каб Эгіпет блукаў у-ва ўсіх справах сваіх, як блукае п’яніца ў ванітах сваіх.

15 Няма ў Эгіпце такой справы, якую зрабіць галава і хвост, пальма і чарот.

16 У той дзень станецца Эгіпет нібы жанчыны, будзе дрыжэць і будзе палохацца ад выгляду ўзьнятай рукі ГОСПАДА Магуцьцяў, якую Ён падыме супраць іх.

17 І станецца зямля Юды жахам для Эгіпту. Кожны, хто ўзгадае пра яе, напалохаецца перад абліччам намеру ГОСПАДА Магуцьцяў, які Ён пастанавіў супраць яго.

18 У той дзень будзе пяць гарадоў у зямлі Эгіпецкай, якія будуць гаварыць моваю ханаанскаю і прысягаць на ГОСПАДА Магуцьцяў. Адзін з іх будзе звацца Ір-Гахерэс.

19 У той дзень будзе ахвярнік для ГОСПАДА пасярод зямлі Эгіпецкай, а слуп для ГОСПАДА — на мяжы ейнай.

20 І будзе ён на знак і на сьведчаньне для ГОСПАДА Магуцьцяў у зямлі Эгіпецкай. Бо калі яны будуць клікаць да ГОСПАДА перад абліччам прыгнятальнікаў, Ён пашле ім збаўцу, і абароніць, і выратуе.

21 І ГОСПАД дасьць ведаць Сябе Эгіпту, і Эгіпет пазнае ГОСПАДА ў той дзень, і будуць служыць ахвярамі крывавымі і ахвярамі хлебнымі, і будуць складаць абяцаньні ГОСПАДУ, і спаўняць іх.

22 І ўдарыць ГОСПАД Эгіпет плягаю, і аздаровіць; і яны навернуцца да ГОСПАДА, і Ён выслухае іх, і вылекуе іх.

23 У той дзень будзе бітая дарога з Эгіпту ў Асірыю. І прыйдзе Асірыя ў Эгіпет, а Эгіпет — у Асірыю, і будуць служыць Эгіпет і Асірыя.

24 У той дзень Ізраіль будзе трэцім з Эгіптам і Асірыяй, дабраславеньнем пасярод зямлі,

25 бо ГОСПАД Магуцьцяў дабраславіць іх, кажучы: «Няхай будзе дабраслаўлёны народ Мой, Эгіпет, і твор рук Маіх, Асірыя, і спадчына Мая, Ізраіль».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help