ЭЗЭКІЭЛЬ 3 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 3

1 І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, зьеш тое, што знайшоў, зьеш скрутак гэты, і ідзі прамаўляць да дому Ізраіля».

2 І я адчыніў вусны мае, і Ён даў мне зьесьці скрутак гэты,

3 і сказаў мне: «Сыне чалавечы, накармі жывот твой і напоўні нутро тваё скруткам гэтым, які Я даю табе». І я зьеў яго, і быў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд.

4 І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, ідзі да дому Ізраіля і прамаўляй да іх словамі Маімі.

5 Бо ты пасланы не да народу з цяжкім языком і чужой мовай, але да дому Ізраіля.

6 Не да мноства народаў з чужой мовай і цяжкім языком, што ты не разумееш словаў іхніх. Калі б да іх Я паслаў цябе, яны б слухалі цябе.

7 Аднак дом Ізраіля не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне; бо ўвесь дом Ізраіля мае цьвёрды лоб і закамянелае сэрца.

8 Вось, Я даў аблічча тваё цьвярдзейшае, чым абліччы іхнія, і лоб твой цьвярдзейшы, чым ілбы іхнія.

9 Як той дыямэнт, цьвярдзейшы ад крэменя, Я даў лоб твой. Ня бойся іх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны — дом бунтаўнікоў».

10 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, усе словы Мае, якія Я прамаўляў да цябе, вазьмі ў сэрца тваё, і слухай вушамі тваімі.

11 І ідзі да выгнанцаў, да сыноў народу твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”, ці будуць яны слухаць, ці адмовяцца».

12 І падхапіў мяне дух, і я пачуў за сабой голас грымоту вялікага: «Дабраслаўлёная слава ГОСПАДА», з месца свайго,

13 і шум крылаў жывых, якія біліся адно аб адно, і гук колаў разам з імі, і голас грымоту вялікага.

14 І дух падняў мяне, і забраў мяне; і я пайшоў раздражнёны і зьбянтэжаны ў духу маім, а дужая рука ГОСПАДА на мне.

15 І я прыйшоў да выгнанцаў у Тэль-Авіве, якія жылі над ракою Кевар, і сядзеў там, дзе яны сядзяць, і жыў там сем дзён сярод іх аслупянелы.

16 І сталася, калі мінула сем дзён, было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:

17 «Сыне чалавечы, Я паставіў цябе вартаваць дом Ізраіля. І ты пачуеш слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх ад Мяне.

18 Калі Я скажу бязбожніку: “Ты сьмерцю памрэш”, а ты яго не перасьцеражэш і ня будзеш казаць, каб адвесьці бязбожніка ад бязбожнага шляху ягонага, каб ён жыў, бязбожнік той памрэ за беззаконьні свае, але Я буду шукаць на руках тваіх кроў ягоную.

19 А калі ты перасьцеражэш бязбожніка, але ён не адвернецца ад бязбожнасьці сваёй і ад шляху бязбожнага свайго, ён памрэ за беззаконьні свае, а ты збавіш душу тваю.

20 Калі праведнік адступіць ад праведнасьці сваёй і ўчыніць грэх, Я дам спатыкненьне перад абліччам ягоным, і ён памрэ, бо ты не перасьцярог яго. За грэх свой ён памрэ, і праведнасьць, якую ён рабіў, ня будзе ўзгадана, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках тваіх.

21 А калі ты перасьцеражэш праведніка, каб праведнік не грашыў, і калі ён не саграшыць, ён будзе жыць, бо прыняў перасьцярогу, а ты збавіш душу тваю».

22 І была там на мне рука ГОСПАДА, і Ён сказаў мне: «Устань, выйдзі ў даліну, там Я буду прамаўляць да цябе».

23 І я ўстаў, і пайшоў у даліну, і вось, там слава ГОСПАДА, такая, як слава, якую я бачыў над ракою Кевар. І я ўпаў на аблічча маё.

24 І ўвайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае. І Ён прамовіў да мяне, і сказаў: «Ідзі, зачыніся ў сярэдзіне дому твайго.

25 І вось, сын чалавечы, будуць ускладзеныя на цябе вяроўкі, і ты будзеш зьвязаны імі, і ня выйдзеш спасярод іх.

26 І язык твой Я прыляплю да паднябеньня твайго, і будзеш ты нямы. І ня будзеш для іх чалавекам, які дакарае, бо яны — дом бунтаўнікоў.

27 Калі Я буду прамаўляць да цябе, Я адкрыю вусны твае, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”. Хто хоча слухаць, няхай слухае, а хто адмаўляецца, той няхай адмаўляецца, бо гэта дом бунтаўнікоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help