ПЕСЬНЯ 2 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Псн 2

1 «Я — нарцыс Сарону, лілея даліны!»

2 «Як лілея сярод церняў, так сяброўка мая сярод дзяўчатаў».

3 «Як яблына сярод дрэваў лясных, так любы мой сярод хлопцаў. У ценю ягоным прывабным я села, і плод ягоны салодкі для паднябеньня майго.

4 У дом банкетаваньня ён увёў мяне, і сьцяг ягоны нада мною — каханьне.

5 Падмацуйце мяне пірагамі з разынкамі, асьвяжыце мяне яблыкамі, бо я млею ад каханьня.

6 Левая рука ягоная пад галавою маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне».

7 «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча».

8 «Голас любага майго! Вось, ён ідзе, узыходзіць на горы, пераскоквае ўзгоркі.

9 Любы мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае праз вакно, зазірае праз краты.

10 Адказаў любы мой і сказаў да мяне: “Уставай, сяброўка мая, прыгажуня мая, і прыходзь.

11 Бо вось, зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў.

12 Пралескі відаць на зямлі, час сьпяваньня настаў, і голас туркаўкі чуваць у зямлі нашай.

13 Дрэва фігавае выдала пупышкі, вінаград квітнее і разьлівае водар. Устань, прыходзь, сяброўка мая; прыгажуня мая, прыходзь!

14 Галубка мая, у расколінах скалы, у схове пад стромаю, пакажы мне выгляд твой, дай мне пачуць голас твой, бо голас твой салодкі, і выгляд твой прывабны”».

15 «Лавіце нам лісаў, малых лісянятаў, якія нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашыя квітнеюць».

16 «Любы мой мне, а я — яму, ён пасьвіць сярод лілеяў.

17 Пакуль дзень дыхае і зьнікаюць цені, вярніся! Будзь падобны, любы мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help