2 ЛЕТАПІСАЎ 13 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 13

1 У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама заваладарыў Абія над Юдаю.

2 Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай — Міхая, дачка Урыэля з Гівы. І была вайна паміж Абіям і Ерабаамам.

3 І скіраваў Абія на вайну войска, ваяроў спраўных чатырыста тысячаў выбранцоў; а Ерабаам выйшаў супраць яго на вайну з васьмістамі тысячамі выбранцоў, ваяроў мужных.

4 І стаў Абія на вяршыні гары Цэмараім, якая ў гарах Эфраіма, і сказаў: «Паслухайце мя­не, Ерабаам і ўвесь Ізраіль!

5 Ці ж вы ня ведаеце, што ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў валадарства Давіду над Ізраілем на вякі, яму і сынам ягоным, як запавет солі?

6 І паўстаў Ерабаам, сын Навата, слуга Салямона, сына Давіда, і збунтаваўся супраць гаспадара свайго.

7 І сабраліся да яго людзі пустыя, сыны Бэліяла, і ўмацаваліся супраць Рэхабаама, сына Салямона. А Рэхабаам быў малады і слабы сэрцам, і ня вытрымаў перад абліччам іхнім.

8 І цяпер вы кажаце, што вытрымаеце перад абліччам валадарства ГОСПАДА, ў руцэ сыноў Давіда, і вас вялікае мноства, і з вамі быкі залатыя, якіх Ерабаам зрабіў для вас як багоў.

9 Ці ж ня вы выгналі сьвятароў ГОСПАДА, сыноў Аарона, і лявітаў, і нарабілі для сябе сьвятароў, як народы земляў? Кожны, хто прыходзіць, каб напоўніць руку сваю, з цялём, маладым бычком і з сямёма баранамі, становіцца сьвятаром для таго, хто ня ёсьць Богам.

10 А мы ГОСПАДА, Бога нашага, і мы не пакінулі Яго, і сьвятары, якія служаць ГОСПАДУ — сыны Аарона, і лявіты пры працы сваёй.

11 І яны складаюць ГОСПАДУ цэласпаленьні кожную раніцу, і кожны вечар — пахкае кадзіла, і хлябы пакладныя — на стале чыстым, і сьвечнік залаты і лямпы ягоныя запальваюць кожны вечар, бо мы захоўваем загады ГОСПАДА, Бога нашага, а вы пакінулі Яго.

12 І вось, з намі на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучныя, каб трубіць супраць вас. Сыны Ізраіля, не ваюйце з ГОСПАДАМ, Богам бацькоў вашых, бо не пераможаце».

13 І Ерабаам выправіў засаду, каб зайшла ззаду іх, і быў ён перад абліччам Юды, а засада — ззаду іх.

14 І павярнуўся Юда, і вось, у іх бітва сьпераду і ззаду. І клікалі яны да ГОСПАДА, і сьвятары затрубілі ў трубы.

15 І закрычалі людзі Юды. І сталася, калі закрычалі людзі Юды, Бог ударыў Ерабаама і ўсяго Ізраіля перад абліччам Абіі і Юды.

16 І ўцяклі сыны Ізраіля перад абліччам Юды, і аддаў іх Бог у руку іхнюю.

17 І ўдарылі іх Абія і народ ягоны паразаю вялікаю, і ўпала забітых у Ізраілі пяцьсот тысячаў мужоў выбраных.

18 І былі ўпакораныя сыны Ізраіля ў той час, і былі ўмацаваныя сыны Юды, бо яны абапіраліся на ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.

19 І гнаўся Абія за Ерабаамам, і здабыў у яго гарады: Бэтэль і вёскі ягоныя, і Ешану і вёскі ейныя, і Эфрон і вёскі ягоныя.

20 І не аднавіў ужо сілу Ерабаам у дні Абіі. І ўдарыў яго ГОСПАД, і ён памёр.

21 І ўмацаваўся Абія, і ўзяў чатырнаццаць жонак, і нарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дачок.

22 А рэшта дзеяньняў Абіі, і шляхі ягоныя, і словы ягоныя запісаныя ў гісторыі прарока Іддо.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help