ІСАЯ 7 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 7

1 І сталася ў дні Ахаза, сына Ётама, сына Узіі, валадара Юды, пайшоў Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраілю, вая­ваць супраць Ерусаліму, але не маглі здабыць яго.

2 І паведамілі дому Давіда, кажучы: «Сірыя стала у Эфраіме!» І задрыжэла сэрца і сэрца народу ягонага, як хістаюцца дрэвы ў лесе ад ветру.

3 І сказаў ГОСПАД Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу, ты і Шэар-Яшуб, сын твой, на канец каналу верхняй сажалкі, на дарогу Поля Валюшніка,

4 і скажаш яму: “Сьцеражыся і будзь у супакоі, ня бойся, і няхай сэрца тваё ня слабне з прычыны гэтых двух рэштак галавешак, якія дымяць, перад полымем гневу Рэцына, і Сірыі, і сына Рэмаліі,

5 бо вырашылі супраць цябе ліха Сірыя, Эфраім і сын Рэмаліі, кажучы:

6 “Пойдзем на Юду, напалохаем яго, і здабудзем яго для сябе, і паставім над ім валадаром сына Табээля!”

7 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Ня станецца, і нічога ня будзе!

8 Бо галава Сірыі — Дамаск, а галава Дамаску — Рэцын. Яшчэ шэсьцьдзясят пяць гадоў, і будзе Эфраім зламаны, і ня народам.

9 А галава Эфраіма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліі. Калі не паверыце, не ўтрымаецеся”».

10 І зноў прамовіў ГОСПАД да Ахаза, кажучы:

11 «Прасі сабе знак у ГОСПАДА, Бога твайго, ці ў глыбіні адхлані, ці высока ўгары».

12 І сказаў Ахаз: «Ня буду прасіць і ня буду спакушаць ГОСПАДА».

13 І сказаў: «Слухайце, дом Давіда! Ці ж мала вам быць цяжарам для людзей, што вы таксама абцяжарваеце Бога майго?

14 Дзеля гэтага Госпад Сам дасьць вам знак. Вось, Дзева зачне і народзіць Сына, і назаве імя Ягонае Іммануэль.

15 Масла і мёд Ён будзе есьці, пакуль не навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро.

16 Бо перш, чым хлопец навучыцца адкідаць зло і выбі­раць дабро, будзе пакінутая зямля, якая перад абліччам двух валадароў, якіх ты баішся.

17 Прывядзе ГОСПАД на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён, калі адлучыўся Эфраім ад Юды, валадара Асірыйскага.

18 І станецца ў той дзень, засьвішча ГОСПАД да мухі, якая на канцы рэкаў Эгіпту, і да пчалы ў зямлі Асірыі.

19 І яны прыляцяць, і абсядуць усе ўзбоччы яроў і шчыліны скалаў, усе цярніны і ўсе хмызьнякі.

20 У той дзень абголіць Госпад лязом, нанятым за ракою, валадаром Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і таксама бараду абрэжа.

21 І станецца ў той дзень, што кожны будзе гадаваць карову і дзьве авечкі,

22 і станецца дзеля вялікага ўдою малака будзе есьці масла, бо масла і мёд будзе есьці кожны, хто застанецца ў зямлі гэтай.

23 І станецца ў той дзень, што ўсякае месца, дзе была тысяча вінаградных лозаў, вартых тысячы срэбра, стане цернем і асотам.

24 Са стрэламі і лукамі будуць хадзіць там, бо ўся зямля стане цернем і асотам.

25 А на ўсе горы, якія абрабляліся матыкаю, ніхто ня пойдзе туды, баючыся церняў і асоту; і стануцца яны выганам для валоў і на таптаньне для ягнятаў».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help