ЯРЭМІЯ 34 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 34

1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і ўсё войска ягонае, і ўсе валадарствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супраць Ерусаліму і ўсіх гарадоў ягоных, кажучы:

2 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы Сэдэкіі, валадару Юды, і скажы яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён спаліць яго агнём.

3 І ты не ўцячэш ад рукі ягонай, будзеш схоплены і выдадзены ў рукі ягоныя, і вочы твае ўбачаць вочы валадара Бабілонскага, і вусны твае будуць прамаўляць да вуснаў ягоных, і ты пойдзеш у Бабілон.

4 Аднак паслухай слова ГОСПАДА, Сэдэкія, валадар Юды. Гэта кажа ГОСПАД пра цябе. Ты не памрэш ад мяча.

5 Ты памрэш у супакоі, і падобна, як палілі пахошчы для бацькоў тваіх, валадароў даўнейшых, якія былі перад табою, так будуць паліць і для цябе. І будуць галасіць па табе: "Аёй! Аёй!", бо Я прамовіў слова, кажа ГОСПАД”».

6 І прамовіў прарок Ярэмія Сэдэкіі, валадару Юды, усе словы гэтыя ў Ерусаліме.

7 А войска валадара Бабілонскага ваявала супраць Ерусаліму і супраць усіх пазасталых гарадоў Юды, супраць Ляхішу і Азэкі, бо толькі гэтыя гарады ўмацаваныя трымаліся спаміж усіх гарадоў Юды.

8 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля заключэньня валадаром Сэдэкіем запавету з усім народам Ерусаліму, каб абвясьціць для іх свабоду,

9 каб кожны адпусьціў на свабоду нявольніка свайго і нявольніцу сваю, Гебрая і Гебрайку, каб ніхто не трымаў у нявольніцтве брата свайго Юдэя.

10 І згадзіліся ўсе князі і ўсе людзі, якія заключылі запавет, выпусьціць на свабоду кожны нявольніка свайго і кожны нявольніцу сваю і не трымаць іх у нявольніцтве. І яны згадзіліся, і адпусьцілі.

11 Але потым яны, вяртаючы, вярнулі нявольнікаў і нявольніцаў, якіх адпусьцілі на свабоду, і прымусам прымусілі, нявольнікамі і нявольніцамі.

12 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:

13 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Я заключыў запавет з бацькамі вашымі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, кажучы:

14 “Як пройдзе сем гадоў, вызваліце кожны брата свайго, Гебрая, які запрадаўся табе ў няволю і служыў табе шэсьць гадоў, і пусьціце яго ад сябе вольным”. Але бацькі вашыя ня слухалі Мяне і не прыхілілі вуха свайго.

15 Вы навярнуліся сёньня і зрабілі тое, што справядлівае ў вачах Маіх, абвяшчаючы свабоду кожны бліжняму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у Доме, у якім клічуць імя Маё.

16 Але вы адступіліся і зьняважылі імя Маё, і вярнулі кожны нявольніка свайго і нявольніцу сваю, якіх адпусьцілі вольнымі, паводле жаданьня свайго, і прымусілі іх, каб былі для вас нявольнікамі і нявольніцамі.

17 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД. Вы не паслухалі Мяне, каб абвясьціць свабоду кожны брату свайму і кожны бліжняму свайму. Вось, Я абвяшчаю вас свабоднымі, кажа ГОСПАД, пад меч, заразу і голад, і Я аддам вас на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі.

18 І аддам тых людзей, якія парушылі запавет Мой, якія ня споўнілі словаў запавету, што заключылі перад абліччам Маім, якія расьсеклі на дзьве бычка і прайшлі паміж імі,

19 князёў Юды і князёў Ерусаліму, эўнухаў, сьвятароў і ўвесь народ зямлі гэтай, які праходзіць паміж часткамі бычка,

20 Я аддам у рукі ворагаў іхніх і ў рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю. І стануцца трупы іхнія пажываю для птушак нябесных і зьвяроў зямных.

21 А Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных Я аддам у рукі ворагаў іхніх, у рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, у рукі войска валадара Бабілонскага, якое адыйшло ад вас.

22 Вось, Я загадаю, кажа ГОСПАД, і прывяду іх зноў супраць гораду гэтага, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады Юды Я зраблю пусткаю, без жыхароў».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help