2 САМУЭЛЯ 10 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Сам 10

1 І сталася пасьля таго, памёр валадар сыноў Амона, і заваладарыў на месцы ягоным Ханун, сын ягоны.

2 І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, як зьявіў мне міласэрнасьць бацька ягоны». І паслаў Давід слугаў сваіх, каб пацешыць яго дзеля сьмерці бацькі. І слугі Давіда прыйшлі ў зямлю сыноў Амона.

3 І сказалі князі сыноў Амона Хануну, гаспадару свайму: «Ці Давід так шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў да цябе суцяшальнікаў? Ці ня дзеля таго, каб высачыць, і выведаць горад, і зруйнаваць яго, паслаў Давід слугаў сваіх да цябе?»

4 І схапіў Ханун слугаў Давіда, і абгаліў палову барады іхняй, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, аж да азадкаў, і выправіў іх.

5 І паведамілі Давіду, і ён паслаў насустрач ім, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».

6 І ўбачылі сыны Амона, што сталіся яны ненавіснымі Давіду, і паслалі сыны Амона, і нанялі Сірыйцаў з Бэт-Рэхова і Сірыйцаў з Цовы, дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і тысячу ваяроў ад валадара Маахі, і з Тову дванаццаць тысячаў чалавек.

7 І пачуў Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.

8 І выйшлі сыны Амона, і сталі ў шыхт перад уваходам у браму. А Сірыйцы з Цовы і Рэхову і людзі з Тову і Маахі асобна ў полі.

9 І ўбачыў Ёаў, што войскі супраць яго сьпераду і ззаду, і выбраў сабе выбранцоў Ізраіля, і паставіў іх у шыхты супраць Сірыйцаў.

10 А рэшту людзей даручыў у руку брату свайму Абішаю, які стаў у шыхце супраць сыноў Амона.

11 І сказаў: «Калі Сірыйцы будуць мацнейшыя ад мяне, ты прыйдзеш мне на дапамогу. А калі сыны Амона будуць мацнейшыя ад цябе, я прыйду на дапамогу табе.

12 Будзь мужны, і будзем змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага. Няхай ГОСПАД зробіць тое, што добрае ў вачах Ягоных».

13 І Ёаў і войска, якое з ім, пайшлі ў бой супраць Сірыйцаў, і тыя ўцяклі перад імі.

14 А сыны Амона ўбачылі, што Сірыйцы ўцяклі, і ўцяклі перад Абішаем, і ўвайшлі ў горад. І адыйшоў Ёаў ад сыноў Амона, і вярнуўся ў Ерусалім.

15 А Сірыйцы ўбачылі, што яны пабітыя Ізраільцянамі, і сабраліся разам.

16 І паслаў Гададэзэр, і прывёў Сірыйцаў, якія на другім баку ракі, і прыйшлі яны ў Хэлям. І Шабах, начальнік войска Гададэзэра, быў на чале іх.

17 І паведамілі Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і пераправіўся праз Ярдан, і прыйшоў у Хэлям. І Сірыйцы сталі ў шыхт супраць Давіда, і ваявалі з ім.

18 І ўцяклі Сірыйцы перад абліччам Ізраіля, і Давід выбіў у Сірыйцаў семсот калясьніцаў і сорак тысячаў вершнікаў. І забіў ён Шабаха, начальніка войска, і ён памёр там.

19 І ўбачылі ўсе валадары, слугі Гададэзэра, што яны пераможаныя Ізраілем, і заключылі мір з Ізраілем, і служылі яму. І баяліся Сірыйцы дапамагаць сынам Амона.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help