ЛУКІ 23 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лк 23

1 І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата.

2 І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром».

3 А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: «Ты кажаш».

4 А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: «Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку».

5 А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль.

6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: «Ці ж гэты Чалавек — Галілеец?»

7 І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме.

8 А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць.

9 І пытаўся ў Яго шматлікімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму.

10 А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго.

11 Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата.

12 І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою.

13 Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ,

14 сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае народ. І вось я, пры вас дапытаўшы, не знайшоў у Чалавеку гэтым аніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце.

15 І таксама Ірад, бо я пасылаў вас да яго. І вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці.

16 Таму, пакараўшы Яго, я вызвалю».

17 А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго.

18 А ўсё мноства закрычала, кажучы: «Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!»

19 А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства.

20 Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса.

21 А яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»

22 Ён жа трэці раз сказаў ім: «Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю».

23 Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў.

24 І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй:

25 вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.

26 І калі вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

27 А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім.

28 Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых,

29 бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”.

30 Тады пачнуць гаварыць гарам: “Упадзіце на нас!”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!”

31 Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?»

32 Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў.

33 І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога — з левага боку.

34 Ісус жа сказаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя.

35 І стаяў народ, гледзячы. А разам з імі насьміхаліся і начальнікі, кажучы: «Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён — Хрыстос, Выбранец Божы».

36 Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат,

37 і кажучы: «Калі Ты — Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога».

38 І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: «Гэта — Валадар Юдэйскі».

39 Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, збаў Сябе і нас».

40 Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: «Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд?

41 І мы сапраўды справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў».

42 І сказаў Ісусу: «Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!»

43 І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі».

44 А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае,

45 і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзёртая пасярэдзіне.

46 І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». І, сказаўшы гэтае, аддаў духа.

47 Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік».

48 І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б’ючы сябе ў грудзі.

49 А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта.

50 І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны,

51 які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага,

52 прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса,

53 і, зьняўшы Яго, абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы.

54 Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота.

55 І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае.

56 А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help