1 САМУЭЛЯ 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 6

1 І быў Каўчэг ГОСПАДА ў зямлі Філістынскай сем месяцаў.

2 І паклікалі Філістынцы сьвятароў і варажбітоў, і спыталіся: «Што маем зрабіць з Каўчэгам ГОСПАДА? Парайце нам, як маем адаслаць яго на месца ягонае».

3 Яны сказалі: «Калі будзеце адсылаць Каўчэг Бога Ізраіля, не адсылайце яго пустым, але тое, што належыцца, аддайце за грэх, і тады паздаравееце. І даведаецеся, чаму не адступае рука Ягоная ад вас».

4 Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аднагародзіцца?» Яны адказалі: «Паводле ліку валадароў Філістынскіх зрабіце пяць болек залатых і пяць мышэй залатых, бо пляга тая самая дакранулася ўсіх вас і валадароў вашых.

5 Зрабіце выявы болек і выявы мышэй, якія нішчаць зямлю, і аддайце славу Богу Ізраіля, каб Ён адхіліў руку Сваю ад вас, ад багоў вашых і ад зямлі вашай.

6 Чаму вы робіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як Эгіпет і фараон зрабілі цьвёрдым сэрца сваё, бо яны не дазволілі ім адыйсьці, калі караў іх.

7 І цяпер падрыхтуйце новы воз і дзьве дойныя каровы, на якіх не было ярма, і запражыце кароваў у вазы, а цялятаў іхніх адвядзіце дамоў.

8 І вазьміце Каўчэг ГОСПАДА, і пастаўце яго на воз, а выявы залатыя, якія маеце аддаць Яму за грэх, палажыце ў скрынку збоку яго. І так пусьціце яго ў дарогу.

9 І глядзіце, калі ён накіруецца дарогай да межаў сваіх да Бэт-Шэмэшу, ведайце, што гэта навёў на вас гэтае вялікае няшчасьце; а калі не, будзем ведаць, што не рука Ягоная да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».

10 І зрабілі людзі такім чынам. І ўзялі дзьве дойныя каровы, і запрэглі іх у воз, а цялятаў іхніх затрымалі ў хляве.

11 І паставілі Каўчэг ГОСПАДА на воз, і скрынку з залатымі мышамі і выявамі болек.

12 І каровы пайшлі простаю дарогаю ў накірунку Бэт-Шэмэшу, і ідучы па гэтым шляху, не зыходзілі ані ўправа, ані ўлева. А валадары Філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэт-Шэмэшу.

13 А ў Бэт-Шэмэшы на раўніне жалі пшаніцу. І падняўшы вочы, убачылі Каўчэг, і ўсьцешыліся, убачыўшы яго.

14 А воз узьехаў на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу і затрымаўся там. І ляжаў там камень вялікі. І яны пасеклі воз на дровы, а кароваў склалі ў ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА.

15 І лявіты зьнялі Каўчэг Божы і скрынку, якая ляжала побач яго, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і палажылі іх на вялікім камяні. І склалі ў той дзень людзі Бэт-Шэмэшу ГОСПАДУ ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя.

16 І пяць валадароў Філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Экрон у той самы дзень.

17 Вось болькі залатыя, складзеныя Філістынцамі ГОСПАДУ за грэх: адзін — за Ашдод, адзін — за Газу, адзін — за Ашкелён, адзін — за Гат і адзін — за Экрон.

18 А залатыя мышы былі паводле лічбы гарадоў Філістынскіх пяці валадароў іхніх, ад умацаванага гораду да пасяленьня, якое без муроў. Камень жа той вялікі, на якім паставілі Каўчэг ГОСПАДА на полі Егошуа з Бэт-Шэмэшу, ёсьць сьведкам гэтаму аж па сёньняшні дзень.

19 І ўдарыў ГОСПАД людзей Бэт-Шэмэшу, якія заглядалі ў Каўчэг ГОСПАДА, і выбіў з народу з пяцідзесяці тысячаў семдзясят чалавек. І народ быў у жалобе, бо ГОСПАД ударыў народ так страшнай карай.

20 І сказалі людзі Бэт-Шэмэшу: «Хто можа стаць перад ГОСПАДАМ, гэтым Сьвятым Богам? Да каго Ён пяройдзе ад нас?»

21 І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Кірыят-Ярыму, кажучы: «Вярнулі Філістынцы Каўчэг ГОСПАДА. Прыходзьце і забярыце яго да сябе».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help