ЭЗЭКІЭЛЬ 21 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 21

1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Ерусалім і скіруй супраць сьвятых месцаў, і прароч супраць зямлі Ізраіля.

3 І скажы зямлі Ізраіля: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, і Я выцягну меч Мой з похваў, і ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка.

4 Дзеля таго, што Я ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка, выйдзе меч Мой з похваў ягоных на ўсякае цела ад поўдня да поўначы.

5 І даведаецца ўсякае цела, што Я, ГОСПАД, выцягнуў меч Мой з похваў ягоных, і ён ужо ня вернецца”.

6 А ты, сыне чалавечы, стагні, нібыта маеш сьцёгны паламаныя, у горычы стагні на вачах іхніх.

7 І станецца, калі скажуць табе: “Чаму ты стогнеш?” — ты скажы: “Дзеля весткі, якая прыйдзе, і самлее кожнае сэрца, і аслабеюць усе рукі, і згасьне ўсякі дух, і ўсе калені захістаюцца, як вада”. Вось, яна прыходзіць, і станецца так, кажа Госпад ГОСПАД».

8 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

9 «Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад. Гавары: “Меч, меч завостраны і адшліфаваны;

10 завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчэў”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.

11 І дадзены ён, каб быў вычышчаны, каб узяць яго рукою, меч гэты завостраны і адшліфаваны, каб быў ён у руцэ таго, які забівае.

12 Крычы і галасі, сыне чалавечы, бо ён накіраваны супраць народу Майго, супраць усіх князёў Ізраіля. Яны аддадзеныя на меч разам з народам Маім. Таму ўдар сябе па сьцёгнах,

13 бо выпрабаваньне надыйшло. І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Ён не ўстаіць, кажа Госпад ГОСПАД”.

14 І ты, сыне чалавечы, прароч і ўдар далоняй у далонь, і няхай меч падвоіць, і няхай меч патроіць забітых. Гэта меч забіваньня вялікага, які паварочваецца навокал іх.

15 Каб сэрца млела, каб па­мнажаліся забітыя, у-ва ўсіх брамах іхніх Я пастаўлю меч на зарэз, вычышчаны як бліскавіца, завостраны, каб забіваць.

16 “Сячы направа і ўдарай налева, туды, куды вострыва тваё скіраванае”.

17 І Я таксама буду біць далоняй Маёй у далонь, і заспакою лютасьць Маю. Я, ГОСПАД, прамовіў».

18 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

19 «А ты, сыне чалавечы, вызнач два шляхі, па якіх пойдзе меч валадара Бабілонскага. Абодва выйдуць з адной зямлі. І пастаў знак, на пачатку шляху ў горад пастаў.

20 Падрыхтуй шлях, па якім пойдзе меч у Раббу сыноў Амона і ў Юду, і ў Ерусалім умацаваны.

21 Бо стаіць валадар Бабілонскі на раздарожжы, на пачатку двух шляхоў, каб атрымаць прадказаньне, ён кідае стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў і прыглядаецца да вантробаў.

22 У правай руцэ ягонай прадказаньне: “Ерусалім”, каб паставіць тараны, адкрыць вусны ў крыку баявым, узь- няць голас гармідару ваеннага, паставіць тараны супраць брамаў, насыпаць вал і збудаваць вежы.

23 І будзе марным у вачах іхніх прадказаньне гэтае, бо яны прысягаю запрысягнулі, але ён памятае пра беззаконьне, каб яны былі схопленыя.

24 Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Каб вы ўзгадалі беззаконьні вашыя, і каб злачынствы вашыя сталіся яўныя, і каб грахі вашыя ў-ва ўсіх паводзінах вашых былі відочныя, каб вы ўзгадалі, далоняй вы будзеце схопленыя”.

25 А табе, нягодны бязбожнік, князь Ізраіля, якога дзень прыходзіць у час беззаконьня апошняга,

26 гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Здымі мітру, скінь карону, бо гэтага ня. Прыніжанае будзе ўзвышана, а ўзвышанае — прыніжана.

27 Руіну, руіну, руіну зраблю з цябе; падобнага ня будзе, пакуль ня прыйдзе той, да якога, і якому Я аддам яго”.

28 А ты, сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД адносна сыноў Амона і адносна зьнявагі іхняй”. І скажаш: “Меч, меч выхаплены для забіваньня, адшліфаваны для вынішчэньня і бляску.

29 У гэты час для цябе бачаць відзежы пустыя і прадказваюць падман, каб апусьціць меч на карак бязбожнікаў, якіх дзень прыйдзе ў час беззаконьня апошняга.

30 Схавай вострыва ягонае ў похвы. У месцы, дзе ты быў створаны, і ў зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду судзіць цябе.

31 І выльлю на цябе гнеў Мой, распалю супраць цябе ярасьць, і аддам цябе ў рукі людзей раз’ятраных для гвалту і зьнішчэньня.

32 Ты будзеш спажывай для агню, кроў твая будзе пасярод зямлі, і не пакінеш пасьля сябе ўспаміну, бо Я, ГОСПАД, прамовіў”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help