ЭЗЭКІЭЛЬ 43 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 43

1 І ён павёў мяне да брамы, брамы, якая была зьвернута на шлях на ўсход.

2 І вось, слава Бога Ізраіля прыйшла па шляху з усходу, а голас Ягоны — быццам шум водаў вялікіх, і зямля сьвяцілася ад славы Ягонай.

3 І выгляд таго, што я бачыў, такі, як выгляд таго, што я бачыў, калі прыйшоў, каб зьніш­чыць горад, выгляд такі, як выгляд таго, што я бачыў над ракой Кевар. І я ўпаў на аблічча маё.

4 І слава ГОСПАДА ўвайшла ў Дом праз браму, якая была скіраваная на шлях на ўсход.

5 І падняў мяне дух, і завёў на ўнутраны панадворак. І вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом.

6 І я пачуў Таго, Хто прамовіў да мяне з Дому, а той муж стаяў каля мяне.

7 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, месца пасаду Майго, месца стопаў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод сыноў Ізраіля. І больш не апага­ніць дом Ізраіля імя Маё сьвятое, яны і валадары іхнія, распустаю сваёю і парэшткамі валадароў сваіх на ўзгорках іхніх.

8 Яны паставілі парог свой каля парогу Майго і вушакі свае каля вушакоў Маіх, так што сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё сьвятое брыдотамі сваімі, якія рабілі, і Я вынішчыў іх у гневе Маім.

9 Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне распусту сваю і парэшткі валадароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на вякі.

10 А ты, сыне чалавечы, паведамі дому Ізраіля пра Дом гэты, і яны будуць саромецца беззаконьняў сваіх, і няхай зьмераюць ўзору гэтага.

11 І калі яны будуць саромецца з прычыны ўсяго, што зрабілі, паведамі ім выгляд Дому гэтага і ўладкаваньне яго, выхады ягоныя і ўваходы ягоныя, і ўсе рысункі ягоныя, і ўсе правілы ягоныя, і ўсе пастановы ягоныя, і ўсе законы ягоныя, і запішы іх перад вачыма іхнімі, каб яны трымаліся ўсіх рысункаў гэтых і ўсіх пастановаў гэтых, і выканалі іх».

12 Гэта закон Дому.На вяршыні гары ўвесь абшар з усіх бакоў наўкола — Сьвятое Сьвятых. Вось гэта закон Дому гэтага.

13 А гэта памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні. Аснова — локаць і шырыня локаць, а абрамаваньне на краі ягоным кругом — адна пядзя. Гэта вышыня ахвярніка:

14 ад асновы на зямлі да ніжняга абрамаваньня — два локці, а шырыня — адзін локаць, а ад малога абрамаваньня да вялікага абрамаваньня — чатыры локці, а шырыня — локаць.

15 Вогнішча — чатыры локці, і з вогнішча ўгару — чатыры рагі.

16 Вогнішча дванаццаць даўжыні і дванаццаць шырыні, чатырохкутнае, на чатыры свае бакі.

17 Абрамаваньне — чатырнаццаць даўжыні і чатырнаццаць шырыні на чатыры бакі свае, а ўзьмежак, які вакол яго, — палову локця, а аснова ягоная — локаць наўкола. А прыступкі ягоныя скіраваныя на ўсход.

18 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось пастановы адносна ахвярніка на дзень, калі ён будзе пабудаваны, каб на ім складаць цэласпаленьні і каб акрапляць яго крывёй.

19 І ты дасі сьвятарам лявітам, якія з насеньня Цадока і маюць набліжацца да Мяне, кажа Госпад ГОСПАД, каб служыць Мне, бычка, сына ялаўкі, як за грэх.

20 І возьмеш крыві ягонай, і пакропіш ёю чатыры рагі ахвярніка, і чатыры рагі абрамаваньня і ўзьмежак наўкола, і ачысьціш яго, і будзеш перамольваць.

21 І возьмеш бычка ахвяры за грэх, і спаліш яго на вызначаным месцы Дому па-за сьвятым.

22 А на другі дзень ахвяруеш казла без заганы як ахвяру за грэх, і ачысьціш ахвярнік так, як ачысьцілі яго, бычка.

23 І калі скончыш ачышчэньне, ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і барана спаміж авечак без заганы.

24 І ахвяруеш іх перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятары кінуць на іх соль, і ахвяруюць іх як цэласпаленьне для ГОСПАДА.

25 Сем дзён будзеш ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх штодзень. І ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, і барана спаміж авечак, без заганы.

26 Сем дзён будзеш перамольваць за ахвярнік, і ачышчаць яго, і будуць напоўненыя рукі.

27 І скончацца тыя дні, і станецца ў восьмы дзень і пазьней, што сьвятары будуць ахвяроўваць на ахвярніку цэласпаленьні вашыя і ахвяры мірныя вашыя, і Я буду для вас спагадны, кажа Госпад ГОСПАД».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help