2 САМУЭЛЯ 13 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Сам 13

1 І сталася пасьля таго. Абсалом, сын Давіда, меў прыгожую сястру імем Тамар. І закахаўся ў яе Амнон, сын Давіда.

2 І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з прычыны сястры сваёй Тамар. А была яна дзяўчынай, і было цяжкім у вачах Амнона зрабіць штосьці з ёю.

3 І меў Амнон сябра імем Ёнадаў, сына Шаммы, брата Давіда. Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.

4 І ён сказаў яму: «Чаму ты худнееш з вечару да вечару, сыне валадара? Ці не паведаміш мне?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».

5 І сказаў яму Ёнадаў: «Ляж у ложак і ўдавай хворага. І прыйдзе бацька твой адве­даць цябе, і ты скажы яму: “Няхай прый­дзе, прашу, сястра мая Тамар і пакорміць мяне хлебам, і на вачах маіх зробіць пасілак, каб я бачыў гэта і еў з рук ейных”».

6 І Амнон лёг, і ўдаваў хворага. І прыйшоў валадар, каб адведаць яго, і Амнон сказаў валадару: «Няхай прый­дзе, прашу, Тамар, сястра мая, і няхай на вачах маіх сьпячэ дзьве аладкі, і я прыйму ежу з рук ейных».

7 І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі, калі ласка, у дом Амнона, брата твайго, і сьпячы яму аладкі».

8 І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона, а ён ляжаў. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і зрабіла аладкі на вачах ягоных, і сьпякла аладкі.

9 І ўзяла яна патэльню, і выклала перад ім, але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: «Няхай усе выйдуць ад мяне». І ўсе людзі выйшлі ад яго.

10 І Амнон сказаў Тамар: «Прынясі пасілак у спальню, і я зьем яго з рукі тваёй». І ўзяла Тамар аладкі, што зрабіла, і прынесла Амнону, брату свайму, у спальню.

11 І дала яму, каб ён еў, але ён схапіў яе і сказаў: «Хадзі, ляж са мною, сястра мая».

12 Яна сказала яму: «Не, брат мой, ня гвалць мяне, бо так у Ізраілі ня робіцца. Не рабі гэтай дурасьці.

13 Куды я дзенуся са зьнявагай сваёй? А ты станеш адным з мярзотнікаў у Ізраілі! Ты пагавары, калі ласка, з валадаром, бо ён не адмовіць мяне табе».

14 Але ён не хацеў слухаць голасу яе. І быў ён мацнейшы за яе, і апаганіў яе, і ляжаў з ёю.

15 І зьненавідзеў яе Амнон нянавісьцю вялікай, і нянавісьць гэтая была большай, чым каханьне, якім кахаў яе. І сказаў ёй Амнон: «Уставай і ідзі».

16 Яна сказала яму: «Не рабі, выганяючы ад сябе, мне яшчэ большай крыўды ад той, якую мне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.

17 І паклікаў прыдзьверніка, які паслугаваў яму, і сказаў: «Выгані яе ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзьверы».

18 Яна была апранутая ў сукню доўгую, бо так апраналіся дочкі валадарскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач на вуліцу, і замкнуў за ёю дзьверы.

19 І Тамар пасыпала сабе галаву попелам, разадрала сукню сваю доўгую, палажыла рукі на галаву сваю, і пайшла, і галасіла.

20 І сказаў ёй Абсалом, брат ейны: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Цяпер сястра мая, супакойся, бо ён — брат твой. Не бяры гэтага да сэрца свайго». І засталася збалелая Тамар у доме Абсалома, брата свайго.

21 І пачуў пра ўсё гэта валадар Давід, і вельмі ўзлаваўся.

22 А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога, бо зьненавідзеў Абсалом Амнона за тое, што ён зьняважыў Тамар, сястру ягоную.

23 І сталася праз два гады, што Абсалом стрыг у Баал-Хацоры, недалёка Эфраіма, і запрасіў Абсалом усіх сыноў валадара.

24 І прыйшоў Абсалом да валадара, і сказаў: «Вось, стрыгуць у слугі твайго. Няхай прыйдзе валадар са слугамі сваімі да слугі свайго».

25 І сказаў валадар Абсалому: «Не, сыне мой, ня прыйдзем мы ўсе да цябе і ня будзем абцяжарваць цябе». І ён вельмі прасіў яго, а той не хацеў ісьці, але дабраславіў яго.

26 І сказаў Абсалом: «Калі ня, няхай прыйдзе, прашу, Амнон, брат мой». І сказаў яму валадар: «Навошта ён меў бы ісьці да цябе?»

27 Але Абсалом вельмі прасіў яго, і ён паслаў з ім Амнона і ўсіх сыноў валадарскіх.

28 І загадаў Абсалом слугам сваім, кажучы: «Глядзіце, калі сэрца Амнона павесялее ад віна, я скажу вам: “Ударце Амнона”, і вы забіце яго! Ня бойцеся, бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі».

29 І зрабілі юнакі Абсалома Амнону так, як ім загадаў Абсалом. А ўсе сыны валадара ўскочылі, і сеў кожны на мула свайго, і ўцяклі.

30 А калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, кажучы: «Абсалом забіў усіх сыноў валадара, і не пакінуў з іх аніводнага».

31 І ўстаў валадар, і разьдзёр адзеньне сваё, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, якія стаялі, разьдзёрлі адзеньне сваё.

32 І адказаў Ёнадаў, сын Шаммы, брата Давіда, і сказаў: «Няхай ня кажа гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны валадара, забітыя. Толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома на вуснах быў намер гэты з таго дня, як зьняважыў Тамар, сястру ягоную.

33 І цяпер няхай не бярэ сабе гаспадар мой, валадар, гэтага да сэрца свайго, кажучы, што ўсе сыны валадара загінулі. Бо загінуў толькі Амнон.

34 А Абсалом уцёк». А юнак, які вартаваў, узьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, мноства, якія зыходзяць па схілу гары.

35 І сказаў Ёнадаў валадару: «Вось, ідуць сыны валадара! Так сталася, як слуга твой гаварыў».

36 І калі скончыў ён гаварыць, вось, прышлі сыны валадара, і яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. Таксама валадар і ўсе слугі ягоныя плакалі плачам вельмі вялікім.

37 А Абсалом уцёк і пайшоў да Тальмая, сына Аміхуда, валадара Гешуру. І быў у жалобе па сыне сваім усе дні.

38 А Абсалом уцёк і пайшоў у Гешур, і быў там тры гады.

39 І перастаў валадар Давід гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся пасьля сьмерці Амнона.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help