ІСАЯ 37 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 37

1 І сталася, калі пачуў валадар Эзэкія, разьдзёр шаты свае, апрануўся ў зрэбніцу і пайшоў у Дом ГОСПАДА.

2 І паслаў ён Эліякіма, які быў палацу, і Шэўну, пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса,

3 і яны сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты — дзень гора, і кары, і ганьбы, бо прыйшлі сыны, каб нарадзіцца, але няма сілы, каб нарадзіць.

4 Можа, ГОСПАД, Бог твой, пачуе словы Рабсака, якога паслаў валадар Асірыі, гаспадар ягоны, каб зьневажаць Бога Жывога, і ГОСПАД, Бог твой, пакарае яго за словы, якія чуў? А ты ўзьнясі малітву за рэшту, якая яшчэ засталася”».

5 І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.

6 І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Так кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне.

7 Вось, Я спашлю на яго духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».

8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.

9 І пачуў, што сказалі пра Тыргака, валадара Кушу: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». І ён пачуў гэта, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:

10 «Гэта скажыце Эзэкіі, валадару Юды: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі”.

11 Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, прызначаючы іх на загубу, а ты ці зможаш захавацца?

12 Ці выратавалі богі тых народаў, якія зьнішчылі бацькі мае, Газан, Харан, Рэцэф і сыноў Эдэну, якія ў Тэлясары?

13 Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, і валадар гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»

14 І ўзяў Эзэкія ліст гэты з рук пасланцоў, і прачытаў яго, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў яго перад абліччам ГОСПАДА.

15 І маліўся Эзэкія да ГОСПАДА, кажучы:

16 «ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

17 Нахілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І выслухай усе словы Санхерыва, якія ён паслаў, каб зьневажаць Бога Жывога!

18 Праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі ўсе народы і землі іхнія.

19 У агонь яны кінулі багоў іхніх, бо яны не былі багамі, але творамі рук чалавечых, дрэвам і камянём, і зьнішчылі іх.

20 А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадары зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — адзіны Бог!»

21 І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “[Я пачуў тое], пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхерыва, валадара Асірыі”.

22 Вось слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну. За табою ківае галавой дачка Ерусаліму.

23 Каго зьневажаў ты і на Каго блюзьніў? Супраць Каго падняў ты голас і ўверх узьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілева!

24 Праз рукі слугаў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: “З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану, і выразаў гонкія кедры ягоныя, і найпрыгажэйшыя кіпарысы ягоныя, і дайшоў аж да вяршыняў ягоных, у нетры садоў ягоных.

25 Я капаю і п’ю ваду, і высушваю стопамі ног маіх усе рэкі Эгіпецкія”.

26 Хіба ты ня чуў, што даўно Я зрабіў гэта, у дні старадаўнія Я прызначыў гэта, а цяпер зьдзяйсняю, што ты нішчыш гарады ўмацаваныя, ператвараючы іх у купу друзу.

27 Жыхары іхнія рукі слабыя, стрывожаныя і зьбянтэжаныя; і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая і як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.

28 Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і злоснасьць тваю адносна Мяне.

29 За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу кальцо Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў”.

30 А для цябе,, такі знак: “Ешце ў гэтым годзе тое, што засталося ад сабранага, а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, садзіце вінаграднікі і ешце плады іхнія.

31 І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань у глыб і дасьць плод угару.

32 Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта”.

33 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць ён туды стралы; і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпле кругом яго валу.

34 Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.

35 Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».

36 І выйшаў анёл ГОСПАДА, і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.

37 І Санхерыў, валадар Асірыі, сабраў і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.

38 І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын ягоны Эсар-Хадон заваладарыў пасьля яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help