БЫЦЬЦЁ 31 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 31

1 I пачуў словы сыноў Лявана, якія казалі: «Забраў Якуб усё, што было ў бацькі нашага, і з таго, што было ў бацькі нашага, учыніў сабе ўсю гэтую славу».

2 I бачыў Якуб аблічча Лявана, і вось, ён ня быў з ім такі, як учора і пазаўчора.

3 I сказаў ГОСПАД Якубу: «Вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і нараджэньня твайго, і Я буду з табою».

4 I паслаў Якуб, і паклікаў Рахель і Лею ў поле да авечак сваіх,

5 і сказаў ім: «Я бачу аблічча бацькі вашага, што ён не такі да мяне, як учора ці пазаўчора. I Бог бацькі майго быў са мною.

6 I вы ведаеце, што я ўсімі сіламі служыў бацьку вашаму,

7 і бацька ваш ашукваў мяне, і зьмяняў плату маю дзесяць разоў, але ня даў яму Бог зрабіць крыўду мне.

8 Калі сказаў ён: “Стракатыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі стракатыя. А калі сказаў ён: “Пасастыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі пасастыя.

9 I забраў Бог статак у бацькі вашага, і даў яго мне.

10 I было ў часе параваньня авечак, і ўзьняў я вочы мае, і бачыў у сьне, і вось, бараны, якія ўскочылі на авечак, былі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.

11 I сказаў мне анёл Божы ў сьне: “Якубе!” І я сказаў: “Вось я!”

12 I Ён сказаў: “Узьнімі вочы твае і паглядзі: усе бараны, якія ўскочылі на авечак, пасастыя, стракатыя і пярэстыя, бо Я бачыў усё, што Ляван робіць табе.

13 Я — Бог з Бэтэлю, дзе ты памазаў слуп і дзе абяцаў Мне абяцаньне. Цяпер устань, выйдзі з зямлі гэтае, і вярніся ў зямлю нараджэньня твайго”».

14 I адказалі Рахель і Лея, і сказалі яму: «Ці ёсьць яшчэ ў нас частка і спадчына ў доме бацькі нашага?

15 Ці не за чужых ён нас мае? Бо ён прадаў нас, і еў, зьядаючы срэбра нашае.

16 Таму ўсё багацьце, якое забраў Бог у бацькі нашага, нашае яно і дзяцей нашых. I цяпер усё, што сказаў Бог табе, рабі».

17 I ўстаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў.

18 I павёў усе статкі свае і ўсю маёмасьць сваю, якую прыдбаў, статкі ўласнасьці сваёй, якую ён прыдбаў у Падан-Араме, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.

19 А Ляван пайшоў стрыгчы авечкі свае. I ўкрала Рахель балваноў, якія былі ў бацькі ейнага.

20 I ашукаў Якуб сэрца Лявана Арамейца, бо не сказаў яму, што ўцякае.

21 I ўцёк ён з усім, што ў яго; і ўстаў, і перайшоў праз раку, і скіраваў аблічча сваё да гары Гілеад.

22 I паведамілі Лявану на трэці дзень, што ўцёк Якуб.

23 I ўзяў ён з сабою братоў сваіх, і гнаўся за ім дарогаю сем дзён, і дагнаў яго на гары Гілеад.

24 I прыйшоў Бог да Лявана Арамейца ў сьне ўначы, і сказаў яму: «Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога».

25 I дагнаў Ляван Якуба, а Якуб паставіў намёт свой на гары. І Ляван паставіў з братамі сваімі на гары Гілеад.

26 I сказаў Ляван Якубу: «Што ты зрабіў? Ты ашукаў сэрца маё, і вывеў дочак маіх, быццам палоненых мячом.

27 Чаму ты патаемна ўцёк, і абакраў мяне, і не сказаў мне? І я адпусьціў бы цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і гусьлямі.

28 А ты не дазволіў мне пацалаваць сыноў маіх і дочак маіх. Гэта ты дрэнна зрабіў.

29 Ёсьць сіла ў руцэ маёй учыніць вам ліха, але Бог бацькі вашага ўчора ўначы сказаў мне, кажучы: “Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога”.

30 І цяпер ты, ідучы, пайшоў, бо ты сумуючы, засумаваў па доме бацькі твайго. Але навошта ты скраў багоў маіх?»

31 I адказаў Якуб, і сказаў Лявану: «Бо я баяўся, бо я казаў, што ты забярэш дочак сваіх у мяне.

32 У каго знойдзеш багоў сваіх, той ня будзе жыць. Перад братамі нашымі правер, што ёсьць у мяне, і вазьмі сабе». А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала іх.

33 I ўвайшоў Ляван у намёт Якуба, і ў намёт Леі, і намёт дзьвюх нявольніцаў, і не знайшоў. I выйшаў з намёту Леі, і ўвайшоў у намёт Рахелі.

34 А Рахель узяла балваноў, і палажыла іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. I абшукаў Ляван увесь намёт, і не знайшоў.

35 I сказала яна бацьку свайму: «Няхай не ўзгарыцца гнеў у вачах пана майго, што я не магу ўстаць перад табою, бо слабасьць жаночая ў мяне». I ён шукаў, і не знайшоў балваноў.

36 I ўзгарэўся гнеў Якуба, і ён сварыўся з Ляванам. I адказаў Якуб, і сказаў Лявану: «Якая віна мая, які грэх мой, што ты гнаўся за мною?

37 Бо ты абшукаў усе рэчы мае. Ці знайшоў ты нешта з рэчаў дому свайго? Палажы іх тут перад братамі маімі і братамі тваімі. Няхай яны рассудзяць паміж намі двума.

38 Вось, дваццаць год я з табою. Авечкі твае і козы твае не скідалі, і бараноў з авечак тваіх я ня еў.

39 Разьдзёртага я не прыносіў да цябе, я сам нёс віну, з рукі маёй ты шукаў гэта, ці яно было ўкрадзена ўдзень, ці ўкрадзена ўначы.

40 Было, што ўдзень жэрла мяне гарачыня, і мароз — уначы; і ўцякаў сон мой з вачэй маіх.

41 Гэтакія мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьве дочкі твае і шэсьць гадоў за авечак тваіх, і ты зьмяняў плату маю дзесяць разоў.

42 Калі б Бог бацькі майго, Бог Абрагама і баіцца Ісаак, ня быў са мною, дык цяпер пустым ты выслаў бы мяне. Пакуты мае і працу рук маіх бачыў Бог і рассудзіў учора ўвечары».

43 I адказаў Ляван, і сказаў Якубу: «Дочкі гэтыя — мае дочкі, і сыны гэтыя — мае сыны; і авечкі гэтыя — мае авечкі, і ўсё, што ты бачыш, — гэта маё. I дочкам маім, што я зраблю ім сёньня, або сынам іхнім, якіх яны нарадзілі?

44 А цяпер хадзі, заключым запавет я і ты, і ён будзе сьведчаньнем паміж мною і табою».

45 I ўзяў Якуб камень, і паставіў яго як слуп.

46 I сказаў Якуб братам сваім: «Назьбірайце камянёў». І яны ўзялі камяні, і зрабілі крушню, і елі там на крушні.

47 I назваў яе Ляван Егар-Сагадута, а Якуб назваў яе Галед.

48 I сказаў Ляван: «Крушня гэтая — сьведчаньне паміж мною і табою сёньня». Таму і назвалі імя ейнае Галед

49 і Міцпа, бо ён сказаў: «Няхай назірае ГОСПАД паміж мною і табою, калі разыйдземся адзін ад аднаго.

50 Калі ты будзеш уціскаць дочак маіх і калі возьмеш жонак акрамя дочак маіх, няма чалавека з намі, глядзі, Бог — сьведка паміж мною і табою».

51 I сказаў Ляван Якубу: «Вось крушня гэтая, і вось слуп, які я паставіў паміж мною і табою.

52 Сьведкам крушня гэтая і сьведкам слуп, што ані я не перайду да цябе за гэтую крушню і за гэты слуп, ані ты не пяройдзеш да мяне за гэтую крушню і за гэты слуп з ліхім.

53 Бог Абрагама і Бог Нахора, Бог бацькоў іхніх няхай судзіць нас». I прысягнуў Якуб на баіцца бацька ягоны Ісаак.

54 I ахвяраваў Якуб ахвяру на гары, і паклікаў братоў сваіх есьці хлеб. І яны елі хлеб, і начавалі на гары.

55 I ўстаў Ляван рана раніцай, і пацалаваў сыноў сваіх і дочак сваіх, і дабраславіў іх, і пайшоў, і вярнуўся Ляван на месца сваё.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help