1 ЛЕТАПІСАЎ 17 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Лет 17

1 І сталася, калі Давід жыў у доме сваім, сказаў Давід Натану прароку: «Вось, я жыву ў доме кедровым, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пад заслонамі».

2 І сказаў Натан Давіду: «Усё, што ў сэрцы тваім, рабі, бо Бог з табою».

3 І сталася ў тую ноч, і было слова Божае да Натана, кажучы:

4 «Ідзі і скажы Давіду, слузе Майму: “Гэтак кажа ГОСПАД. Ня ты збудуеш Мне дом, каб Я жыў.

5 Бо Я ня жыў у доме ад дня, калі вывеў сыноў Ізраіля, і да дня гэтага, і Я перахо­дзіў з намёту ў намёт, і з сялібы.

6 І ўсюды, дзе Я хадзіў па ўсім Ізраілі, ці сказаў Я слова аднаму з судзьдзяў Ізраіля, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой, кажучы: “Дзеля чаго вы не пабудавалі Мне дом кедровы?”

7 І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: “Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе ад абораў, калі ты хадзіў за авечкамі, каб ты стаў правадыром над народам Маім, Ізраілем.

8 І Я быў з табою ўсюды, куды ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў табе імя, як імя вялікіх на зямлі.

9 І Я прыгатаваў месца для народу Майго, Ізраіля, і пасадзіў іх, і яны будуць жыць на месцы сваім, і ня будуць палохаць іх болей, і ня будуць перасьледаваць іх сыны нягоднасьці, каб вынішчаць іх, як ўперад,

10 у той час, калі Я прызначаў судзьдзяў над народам Маім, Ізраілем. І Я скарыў усіх ворагаў тваіх, і абвяшчаю табе, што ГОСПАД збудуе табе дом.

11 І станецца, калі напоўняцца дні твае, каб ты пайшоў да бацькоў тваіх, Я падыму насеньне тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую валадарства ягонае.

12 Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую пасад ягоны на вякі.

13 І Я буду яму Бацькам, а ён будзе Мне сынам, і міласэрнасьці Маёй не забяру ад яго, як Я забраў ад таго, які быў перад табою.

14 І Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў валадарстве Маім на вякі, і пасад ягоны будзе трываць на вякі”».

15 Паводле ўсіх гэтых словаў і паводле ўсяго гэтага відзежу прамаўляў Натан да Давіда.

16 І прыйшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто я, ГОСПАДЗЕ Божа, і хто дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?

17 Але і гэтага мала было ў вачах Тваіх, Божа; і Ты прамовіў пра дом слугі Твайго на доўгія часы, і глянуў на мяне, як на чалавека ўзьвялічанага, ГОСПАДЗЕ!

18 Што яшчэ можа дадаць Табе Давід за ўслаўленьне слугі Твайго? Ты ведаеш слугу Твайго.

19 ГОСПАДЗЕ! Дзеля слугі Твайго і паводле сэрца Твайго Ты ўчыніў усе гэтыя вялікія, каб выявілася ўся вялікасьць.

20 ГОСПАДЗЕ! Няма нікога, як Ты, і няма Бога, апрача Цябе, усё, што мы чулі вушамі сваімі.

21 І хто як народ Твой, Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да якога прыйшоў Бог, каб выкупіць Сабе народ і зрабіць Сабе імя вялікімі і страшнымі справамі, выгнаўшы паганаў перад абліччам народу Свайго, які Ты выкупіў з Эгіпту?

22 І Ты зрабіў народ Твой, Ізраіля, народам Сваім на вякі, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаў для іх Богам.

23 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, слова, якое Ты прамовіў пра слугу Твайго і пра дом ягоны, няхай будзе верным на вякі, і зрабі так, як Ты прамовіў.

24 Няхай станецца верным і вялікім імя Тваё на вякі, каб казалі: “ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля — гэта Бог над Ізраілем”. І дом Давіда, слугі Твайго, няхай будзе ўмацаваны перад абліччам Тваім.

25 Бо Ты, Божа мой, адкрыў у вуха слузе Твайму, што Ты пабудуеш яму дом. Дзеля гэтага адважыўся слуга Твой маліцца перад абліччам Тваім.

26 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і Ты сказаў пра слугу Твайго столькі добрага.

27 І цяпер пачні дабраслаўляць дом слугі Твайго, каб ён быў вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, дабраславіў, і ён будзе дабраслаўлёны на вякі».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help