ЯРЭМІЯ 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 5

1 Аббяжыце вуліцы Ерусаліму, паглядзіце і прасачыце, і абшукайце на пляцах ягоных, ці знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто чыніць суд, шукае праўды, і Я прабачу ім.

2 Калі яны кажуць: “Як жывы ГОСПАД!”, яны прысягаюць фальшыва.

3 ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца.

4 І Я сказаў: “Толькі людзі простыя робяць неразважна, бо яны ня ведаюць шляху ГОСПАДА, суду Бога свайго

5 Дык Я пайду да людзей вялікіх і прамоўлю да іх, бо яны ведаюць шлях ГОСПАДА, суд Бога свайго”. Але яны таксама паламалі ярмо і парвалі путы.

6 Дзеля гэтага зьнішчыць іх леў з лесу і воўк стэповы выгубіць іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іхніх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо шматлікія грахі іхнія, пашырыліся адступніцтвы іхнія.

7 Навошта Я маю быць да цябе літасьцівы? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягалі на тых, якія ня богі. І Я насыціў іх, а яны чужаложылі і зьбіраліся ў доме чужаложніцы.

8 Яны сталіся як коні незацугляныя, кожны іржэ да жонкі бліжняга свайго.

9 Ці ж Я за гэта ня буду караць, кажа ГОСПАД, і ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?

10 Узыйдзіце на муры ягоныя і разбурайце іх, але поўнага зьнішчэньня не рабіце, зьнішчыце падпоры ягоныя, бо яны не для ГОСПАДА.

11 Бо здраджваючы, здрадзіў Мне дом Ізраіля і дом Юды, кажа ГОСПАД.

12 Яны выракліся ГОСПАДА і казалі: “Няма Яго. Ня прыйдзе на нас ліха, мы ня ўбачым ані мяча, ані голаду”.

13 Прарокі будуць як вецер, і ня будзе ў іх слова. І гэтак ім станецца.

14 Таму гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. За тое, што вы гаварылі слова гэтае, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дровамі, і зжарэ іх.

15 Вось, Я навяду на вас, дом Ізраіля, народ здалёк, кажа ГОС­ПАД, народ дужы, народ старадаўні, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і не разумееш, што ён гаворыць.

16 Сагайдак ягоны — быццам труна адкрытая; усе яны — волаты.

17 І зьесьць ён жніво тваё і хлеб твой, зьесьць сыноў тваіх і дочак тваіх, зьесьць авечак тваіх і быдла тваё, зьесьць вінаграднікі твае і дрэвы фігавыя твае, зьнішчыць мячом умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяваўся.

18 Але ў тыя дні, кажа ГОСПАД, Я не зраблю, вам канец.

19 І станецца, калі скажуць: “За што зрабіў нам усё гэта ГОСПАД, Бог наш?”, ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі багам чужым у зямлі сваёй, так будзеце служыць чужынцам у зямлі ня вашай”

20 Паведамце пра гэта дому Якуба, і абвясьціце гэта ў Юдзе, кажучы:

21 “Паслухай гэта, прашу, народ бяз розуму і бяз сэрца, які мае вочы, і ня бачыць, мае вушы, і ня чуе.

22 Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць, але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць.

23 А ў гэтага народу сэрца ўпартае і бунтаўнічае; яны адступіліся і адыйшлі,

24 і не сказалі ў сэрцы сваім: “Мы будзем баяцца ГОСПАДА, Бога нашага, Які дае нам дождж у свой час, дождж раньні і позьні, Які захоўвае для нас вызначаныя тыдні жніва”.

25 Беззаконьне вашае ўхіліла гэта, і грахі вашыя стрымалі даброцьці гэтыя,

26 бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць як птушкаловы, стаўляюць пасткі, ловяць людзей.

27 Як клетка поўная птушак, так дамы іхнія поўныя падману, і такім чынам яны становяцца слаўнымі і багатымі,

28 сытымі і гладкімі, і перакрочваюць усякую меру зла. Яны ня судзяць справядліва справу сіраты, і маюць посьпех, і судовую ўбогіх не разглядаюць.

29 Ці ж за гэта Я ня буду караць іх, кажа ГОСПАД, і ці ж народу такому не адпомсьціць душа Мая?

30 Дзіўнае і жудаснае дзеецца ў зямлі гэтай:

31 прарокі прарочаць ілжыва, сьвятары навучаюць як хочуць, і народ Мой любіць гэта. Але што вы будзеце рабіць, калі гэтаму канец?”

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help