ЕГОШУА 7 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ег 7

1 А сыны Ізраіля дапусьціліся злачынства, бо ўзялі рэчы заклятыя, бо Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды, узяў нешта з рэчаў заклятых. І разгневаўся ГОСПАД на сыноў Ізраіля.

2 Егошуа паслаў з Ерыхону людзей у Гай, які каля Бэт-Авэну на ўсход ад Бэтэлю, кажучы ім: «Ідзіце і выведайце зямлю». Яны пайшлі і агледзелі Гай,

3 і, вярнуўшыся, сказалі Егошуа: «Няхай не ідзе ўвесь народ, але няхай пойдуць дзьве або тры тысячы і зьнішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо мала ворагаў».

4 І выбралася каля трох тысячаў ваяроў, але яны кінуліся ўцякаць перад жыхарамі Гаю.

5 Жыхары Гаю забілі з іх каля трыццаці шасьці чалавек, гонячы іх ад брамы аж да Шэбарыму, і забівалі іх на спуску з гары. І саслабела сэрца народу, і сталася, як вада.

6 Тады Егошуа разьдзёр адзеньне сваё і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад Каўчэгам ГОСПАДА, ён і старшыні Ізраіля, аж да вечара, і пасыпалі попелам галовы свае.

7 І маліўся Егошуа, кажучы: «О, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў і выгубіць? Лепш бы мы заставаліся і жылі за Ярданам!

8 Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраіль уцякае перад ворагамі?

9 Пачуюць Хананейцы і ўсе жыхары зямлі, і акружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што тады зробіш для імя Твайго вялікага?»

10 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Устань! Чаму ляжыш ніцма на зямлі?

11 Ізраіль саграшыў, яны парушылі запавет, які Я заключыў з імі, і ўзялі сабе тое, што было заклятае, укралі гэта, затаілі і схавалі паміж рэчаў сваіх.

12 Таму сыны Ізраіля не ўстаялі перад ворагамі сваімі і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад закляцьце. Ня буду Я больш з вамі, пакуль ня вынішчыце спаміж сябе заклятага.

13 Устань, ачысьці народ і скажы ім: “Ачысьціцеся да заўтра, бо вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: "Заклятае ёсьць у цябе, Ізраілю! Таму не ўстаіцё перад ворагамі сваімі, пакуль ня прымеце заклятага спаміж сябе"”.

14 Дзеля гэтага заўтра раніцаю будзеце падыходзіць па каленах, а калена, на якое ГОСПАД пакажа жэрабям, няхай ідзе па родах, а род, на які пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па сем’ях, а сям’я, на якую пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па адным чалавеку.

15 У каго знойдуцца рэчы заклятыя, будзе спалены разам з усім, што да яго належыць, бо ён парушыў запавет ГОСПАДА і дапусьціўся злачынства ў Ізраілі».

16 І ўстаў Егошуа рана, і загадаў падыходзіць Ізраілю па каленах. І жэрабям паказана было калена Юды.

17 І загадаў падыходзіць родам Юды, і жэрабям быў паказаны род Зэраха. І загадаў падыходзіць роду Зэраха сем’ямі, і жэрабем паказана была сям’я Заўдыя.

18 І загадаў падыходзіць паасобным мужчынам з сем’ямі сваімі, і жэрабям быў паказаны Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды.

19 І сказаў Егошуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля, і падзякуй, і скажы мне, што ты зрабіў. Ня ўтойвай ад мяне».

20 І адказаў Ахан Егошуа, і сказаў: «Сапраўды, саграшыў я перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля. Вось што я зрабіў.

21 Убачыў я між здабычы прыгожы плашч з Шынэару, дзьвесьце сыкляў срэбра і залаты пруток у пяцьдзясят сыкляў вагі. Зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне намёту майго, а срэбра пад імі».

22 І Егошуа выслаў пасланцоў, і яны пабеглі ў намёт, і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра пад ім.

23 І забралі іх з сярэдзіны намёту, і прынесьлі да Егошуа і да ўсіх сыноў Ізраіля, і палажылі перад абліччам ГОСПАДА.

24 І Егошуа ўзяў Ахана, сына Зэраха, срэбра, плашч і пруток золата, і сыноў ягоных, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і сам намёт, і ўсё ягонае, і ўвесь Ізраіль з ім, і вывеў іх у даліну Ахор.

25 І там сказаў Егошуа: «За тое, што ты навёў на нас гора, няхай ГОСПАД навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраіль камянямі, а ягонае агнём было спалена.

26 І накідалі на яго купу камянёў вялікую, якая да сёньняшняга дня. І адвярнуўся гнеў ГОСПАДА ад іх, таму назвалі тое месца далінаю Ахор аж да сёньня.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help