ІСАЯ 52 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 52

1 Абудзіся, абудзіся! Апрані моц тваю, Сыёне! Апрані шаты прыгажосьці тваёй, Ерусаліме, горад сьвяты! Бо ня ўвойдзе больш да цябе неабрэзаны і нячысты.

2 Абтрасіся ад пылу, устань, і сядай, Ерусаліме! Разьвяжы путы на шыі тваёй, паланянка, дачка Сыёну!

3 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Задарма вы былі прададзеныя, і будзеце не за срэбра адкупленыя».

4 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Народ Мой перш зыйшоў у Эгіпет, каб жыць там, і Ашур без прычыны прыгнятаў яго.

5 А цяпер што Мне тут, кажа ГОСПАД, бо народ Мой забраны дарма? Тыя, што пануюць над імі, хваляцца, кажа ГОСПАД, і ўсьцяж, кожны дзень імя Маё зьневажаюць.

6 Дзеля таго народ Мой даведаецца імя Маё ў гэты дзень, бо Я — Той, Які гаворыць: “Вось Я!”»

7 Якія прыгожыя на гарах ногі тых, што дабравесь­цяць і абвяшчаюць мір, дабравесьцяць дабро і абвяшчаюць збаўленьне, кажуць Сыёну: «Валада­рыць Бог твой»!

8 Голас вартаўнікоў тваіх, яны ўзьнімаюць голас, разам сьпяваюць, бо на ўласныя вочы бачаць, як ГОСПАД вяртаецца на Сыён.

9 Гаманіце радасна і сьпявайце разам, руіны Ерусаліму, бо пацешыў ГОСПАД народ Свой, адкупіў Ерусалім!

10 Зьявіў ГОСПАД рамяно сьвятасьці Сваёй на вачах усіх народаў, і ўбачаць усе канцы зямлі збаўленьне Бога нашага.

11 Ідзіце, ідзіце! Выходзьце адтуль! Не дакранайцеся нячыстага! Выходзьце з сярэдзіны яго! Ачысьціцеся, вы, якія нясеце начыньні ГОСПАДА!

12 Бо вы выйдзеце, не сьпяшаючыся, і ня будзеце ісьці, быццам уцякаючы, бо пойдзе перад абліччам вашым ГОСПАД, а за вамі будзе аховай Бог Ізраіля.

13 Вось, будзе мець посьпех Слуга Мой, Ён узьнімецца і ўзьвялічыцца, і будзе вельмі вялікі.

14 Як шмат аслупянела, на Яго, бо так нялюдзка быў зьнявечаны выгляд Ягоны і постаць Ягоная на сына чалавечага.

15 Так шматлікія народы зьдзівяцца, і валадары закрыюць вусны свае перад Ім, бо ўбачаць тое, пра што ім ніколі не расказвалі, і зразумеюць тое, пра што ня чулі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help