1 САМУЭЛЯ 28 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 28

1 У тыя дні сабралі Філістынцы дружыны свае, каб ваяваць суп­раць Ізраіля. І Ахіш сказаў Давіду: «Ведай, што ты пойдзеш са мною ў табар, ты і людзі твае».

2 І сказаў Давід Ахішу: «Цяпер і ты даведаешся, што ро­біць слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «Стаўлю цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні».

3 А Самуэль памёр, і плакаў па ім увесь Ізраіль, і пахавалі яго ў горадзе ягоным, у Раме. А Саўл прагнаў тых, што выклікаюць духаў, і варажбітоў з зямлі.

4 І Філістынцы сабраліся, і прыйшлі, і разлажыліся табарам у Шунэме. А Саўл сабраў усяго Ізраіля і разлажыўся табарам у Гільбоа.

5 І паглядзеў Саўл на табар Філістынцаў, і спалохаўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае.

6 І пытаўся Саўл у ГОСПАДА, але ГОСПАД яму не адказаў ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.

7 І сказаў Саўл слугам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў. Я пайду да яе і запытаюся праз яе». І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жанчына, якая выклікае духаў памерлых, у Эндоры».

8 І перапрануўся Саўл, і апрануўся ў іншае адзеньне, і пайшоў сам, і два мужчыны з ім. І прыйшлі яны да той жанчыны ўначы, і сказаў: «Паваражы мне і выкліч мне таго, пра каго я табе скажу».

9 Жанчына сказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл? Ён выгнаў варажбітоў і тых, якія выклікаюць духаў, з зямлі гэтай. Чаму ты хочаш злавіць душу маю, каб забіць мяне?».

10 І Саўл прысягнуў на ГОСПАДА, кажучы: «Як жывы ГОСПАД! Ня будзе табе пакараньня ў гэтай справе».

11 І спыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».

12 І ўбачыла жанчына Самуэля, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала жанчына Саўлу, кажучы: «Чаму ты падмануў мяне? Ты ж Саўл!»

13 І сказаў ёй валадар: «Ня бойся мяне. Што ты бачыш?» А тая жанчына сказала Саўлу: «Бачу Божага, што выходзіць з зямлі».

14 І сказаў ёй: «Як ён выглядае?» Яна сказала: «Стары чалавек выходзіць, апрануты ў доўгую шату». І пазнаў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім абліччам да зямлі, і пакланіўся.

15 І сказаў Самуэль Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і выклікаеш мяне?» І сказаў Саўл: «Я ў вялікім прыгнёце, бо Філістынцы ваююць суп­раць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў, ані праз сон. Дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць?»

16 І сказаў Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі ГОСПАД адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім?

17 Зрабіў ГОСПАД так, як казаў праз мяне. ГОСПАД забраў валадарства з рукі тваёй і аддаў яго бліжняму твайму Давіду,

18 бо ты ня слухаў голас ГОСПАДА, і ня зьдзейсьніў яраснага гневу Ягонага на Амалека. Таму вось гэта ўчыніў табе ГОСПАД сёньня.

19 І аддасьць ГОСПАД Ізраіля разам з табою ў рукі Філістынцаў. Заўтра ты і сыны твае будзеце са мною, таксама табар Ізраіля аддасьць ГОСПАД у рукі Філістынцаў».

20 І Саўл раптам упаў усім целам на зямлю, і ён вельмі спужаўся словаў Самуэля, і пакінулі яго сілы, і ён ня еў хлеба ўвесь той дзень і ўсю тую ноч.

21 І падыйшла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы, і сказала яму: «Вось, нявольніца твая паслухала голас твой і аддала душу сваю ў далоні твае, бо я паслухалася словаў тваіх, які ты гаварыў мне.

22 І цяпер ты таксама паслухай голасу нявольніцы тваёй. Я дам табе лусту хлеба, а ты зьеш, і вернецца да цябе сіла, і ты зможаш вырушыць у дарогу».

23 Але ён адмовіўся і сказаў: «Ня буду есьці». Але слугі ягоныя і жанчына тая ўпрошвалі яго, і ён паслухаў голас іхні, і ўстаў з зямлі, і сеў на ложку.

24 А жанчына тая мела кормнае цяля ў доме сваім, і яна пасьпешліва зарэзала яго, і ўзяла муку, і рашчыніла яе, і напякла праснакоў.

25 І палажыла перад Саўлам і перад слугамі ягонымі, і яны елі, і ўсталі, і пайшлі ў тую самую ноч.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help