2 ЛЕТАПІСАЎ 28 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 28

1 Дваццаць гадоў Ахазу, калі ён пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме; і не рабіў ён таго, што слушнае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны.

2 І хадзіў ён шляхамі валадароў Ізраілю, і нават зрабіў літыя балваны Баалаў.

3 І ён кадзіў у даліне Бэн-Гінном, і спаліў сыноў сваіх у агні паводле брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.

4 І ён складаў ахвяры, і кадзіў на ўзвышшах і на ўзгорках, і пад кожным дрэвам зялёным.

5 І аддаў яго ГОСПАД, Бог ягоны, у рукі валадара Сірыі, і яны пабілі яго, і ўзялі ў яго ў палон шмат палонных, і завялі ў Дамаск. І таксама ў руку валадара Ізраіля ён быў адда­дзены, і той ударыў яго пара­зай вялікаю.

6 І забіў Пэках, сын Рэмаліі, у Юдзе сто дваццаць тысячаў за адзін дзень, а ўсе яны — людзі мужныя, бо яны пакінулі ГОС­ПАДА, Бога бацькоў сваіх.

7 І забіў ён Зіхры, волата з Эфраіму, Маасэю, сына валадара, Азрыкама, кіраўніка дому, і Элькану, другога пасьля валадара.

8 І ўзялі сыны Ізраіля ў палон у братоў сваіх дзьвесьце тысячаў жанчынаў, сыноў і дачок; і таксама шмат здабычы нарабавалі ў іх, і завезьлі здабычу ў Самарыю.

9 І там быў прарок ГОСПАДА, імя ягонае — Адэд. І выйшаў ён перад аблічча войска, якое ўваходзіла ў Самарыю, і сказаў ім: «Вось, ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, у гневе на Юду аддаў іх у руку вашую, і вы забілі іх з лютасьцю, якая дайшла да неба.

10 І цяпер вы думаеце мець сыноў Юды і Ерусаліму як слугаў і нявольнікаў. А ці самі вы ня маеце правіны перад ГОСПАДАМ, Богам вашым?

11 І цяпер паслухайце мяне, і вярніце палонных, якіх вы ўзялі ў палон з братоў вашых; бо полымя гневу ГОСПАДА на вас».

12 І ўсталі некаторыя з галоваў сыноў Эфраіма: Азарыя, сын Егаханана, Бэрэхія, сын Мэшылемота, Эхізкія, сын Шальлюма, і Амаса, сын Хадлая, насупраць тых, што вярталіся з вайны,

13 і сказалі ім: «Ня ўводзьце сюды палонных, бо гэта будзе нам правіна перад ГОСПАДАМ, якую вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да правінаў нашых. Бо вялікая правіна наша, і полымя гневу над Ізраілем».

14 І ўзброеныя пакінулі палонных і здабычу перад абліччам князёў і ўсёй царквы.

15 І ўсталі мужы, якіх вызначылі па імёнах, і ўзялі палонных, і ўсіх голых з іх апранулі са здабычы, і апранулі іх, і абулі, і далі ім есьці, і далі ім піць, і памазалі іх, і пасадзілі на аслоў усіх кволых, і завялі іх у Ерыхон, горад пальмаў, да братоў іхніх, і вярнуліся ў Самарыю.

16 У той час паслаў валадар Ахаз да валадароў Асірыі, каб яны дапамаглі яму.

17 І зноў прыйшлі Эдомцы, і пабілі у Юдзе, і ўзялі ў палон.

18 А Філістынцы напалі на гарады Шэфэлі і Нэгеву Юдэйскага, і ўзялі Бэт-Шэмэш, Аялон і Гедэрот, Сахо і вёскі ейныя, Тымну і вёскі ейныя, Гімзо і вёскі ягоныя, і пасяліліся там,

19 бо прынізіў ГОСПАД Юду з прычыны Ахаза, валадара Ізраіля, бо ён разкелзаў Юду і нявернасьцю стаў няверным ГОСПАДУ.

20 І прыйшоў да яго Тыглят-Пільнэсэр, валадар Асірыі, і прыціснуў яго, а не ўмацаваў яго,

21 бо Ахаз узяў частку Дому ГОСПАДА і дому валадарскага і князёў, і аддаў валадару Асірыі, але не дапамогі яму.

22 І ў часе ўціску свайго валадар Ахаз павялічваў нявернасьць ГОСПАДУ,

23 і складаў ахвяры багам Дамаску, якія пабілі яго, і казаў: «Богі валадароў Сірыі дапамагаюць ім, і я буду складаць ахвяры ім, і яны дапамогуць мне». Але яны былі на спатыкненьне яму і ўсяму Ізраілю.

24 І сабраў Ахаз начыньні Дому Божага, і пасек начыньні Дому Божага, і замкнуў дзьверы Дому ГОСПАДА, і зрабіў сабе ахвярнікі ў-ва ўсіх кутах Ерусаліму,

25 і ў-ва ўсіх гарадах Юды зрабіў узвышшы, каб кадзіць іншым багам, і гнявіў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.

26 А іншыя дзеяньні ягоныя і ўсе ўчынкі ягоныя, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.

27 І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе, у Ерусаліме; але ня ўнесьлі яго ў магілы валадароў Ізраіля. І пачаў валадарыць Эзэкія, сын ягоны, пасьля яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help