ЭЗЭКІЭЛЬ 12 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 12

1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2 «Сыне чалавечы, ты жывеш сярод дому бунтаўнікоў, які вочы, каб бачыць, а ня бачыць; і вушы, каб чуць, а ня чуе, бо гэта дом бунтаўнікоў.

3 І ты, сыне чалавечы, зрабі сабе рэчы для выгнаньня, і ўдзень на вачах іхніх выйдзі з месца твайго, і ідзі ў іншае на вачах іхніх. Можа, яны ўбачаць, хоць яны — дом бунтаўнікоў.

4 І вынясеш рэчы твае, як рэчы выгнанца, удзень на вачах іхніх, і выйдзеш увечары на вачах іхніх так, як выходзяць выгнанцы.

5 На вачах іхніх зрабі дзіру ў муры і выйдзі праз яе.

6 На вачах іхніх ускладзі на плечы твае і выйдзі ў прыцемках, і закрый аблічча тваё, каб ня бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе як знак для дому Ізраіля».

7 І я зрабіў так, як мне было загадана. Рэчы мае я вынес удзень як рэчы выгнанца. А ўвечары зрабіў сабе рукамі дзіру ў муры, выйшаў у прыцемках і на вачах іхніх усклаў на плечы.

8 І было слова ГОСПАДА да мяне раніцаю, кажучы:

9 «Сын чалавечы, ці дом Ізраіля, дом бунтаўнікоў, не казаў табе: “Што ты робіш?”

10 Скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Цяжар адносна ўладара, які ў Ерусаліме, і ўсяго дому Ізраіля, які пасярод яго”

11 Скажы: “Я — знак для вас. Як я зрабіў, так і з вамі станецца. Пойдзеце на выгнаньне ў няволю!

12 Уладар, які сярод вас, ускладзе ў прыцемках на плечы і выйдзе праз мур. Зробяць дзіру, каб выйсьці праз яе, і ён закрые аблічча сваё, каб вачыма ня бачыць зямлі.

13 І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і ён будзе схоплены ў пастку Маю, і Я завяду яго ў Бабілон, у зямлю Халдэйцаў, але ён яе ня ўбачыць і там памрэ.

14 І ўсіх, якія вакол яго, памочнікаў ягоных і войска ягонае, Я разганю на ўсе вятры, і выцягну на іх меч”.

15 І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі расьцярушу іх сярод народаў і раскідаю іх у землі.

16 А некаторых з іх Я захаваю ад мяча, голаду і заразы, каб расказвалі пра ўсе брыдоты свае сярод народаў, куды прыйдуць, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД».

17 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

18 «Сыне чалавечы, хлеб твой будзеш есьці з трывогаю і ваду тваю будзеш піць з непакоем і страхам,

19 і скажаш народу зямлі гэтай: “Гэта кажа Госпад ГОС­ПАД да жыхароў Ерусаліму ў зямлі Ізраіля. Хлеб свой яны будуць есьці ў страху, і ваду сваю будуць піць у трывозе, бо зямля іхняя станецца пустэчай і будзе пазбаўленая дастатку свайго з прычыны гвалту, усе, што жывуць на ёй.

20 Населеныя гарады будуць спустошаныя, і зямля станецца пустэчаю. І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».

21 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

22 «Сыне чалавечы, што за прыказку вы маеце пра зямлю Ізраіля, кажучы: “Дні мінаюць, і ўсе відзежы не спаўняюцца”.

23 Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я зраблю, што ня будзе прыказкі гэтай і ня будуць больш паўтараць яе ў Ізраілі”. Бо гэта прамоў да іх: “Надыходзяць дні, і слова кожнага відзежу.

24 Ня будзе ўжо больш сярод дому Ізраіля ніводнага пустога відзежу і падманнага прароцтва.

25 Бо, Я, ГОСПАД, буду прамаўляць, і слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, і ня будзе больш затрымлівацца. Бо ўжо ў дні вашыя, дом бунтаўнікоў, Я прамоўлю слова і споўню яго, кажа Госпад ГОСПАД”».

26 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

27 «Сыне чалавечы, вось, дом Ізраіля кажа: “Відзежы, якія ён мае, дзён вельмі далёкіх. Ён прарочыць пра далёкую будучыню”.

28 Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ужо ня будзе затрымлівацца кожнае слова Маё. Слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, кажа Госпад ГОСПАД”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help