1 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх і ўбачыш, што і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай.
2 Перад пачаткам бою няхай выйдзе сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:
3 “Слухай, Ізраіль! Вы выходзіце сёньня на бой супраць ворагаў вашых. Няхай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, і не трывожцеся, і не пужайцеся аблічча іхняга,
4 бо ГОСПАД, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас”.
5 І прамовяць начальнікі да народу, кажучы: “Хто пабудаваў новы дом, і яго не асьвяціў, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы яго асьвяціць.
6 Хто пасадзіў вінаграднік і не асьвяціў яго, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы асьвяціць яго.
7 Хто заручыўся з жонкаю, але ня ўзяў яе за жонку, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы возьме яе”.
8 І яшчэ няхай начальнікі прамовяць да народу і скажуць: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не зрабіў дрыготкім сэрцы братоў сваіх, як сэрца ягонае”.
9 Калі начальнікі скончаць прамаўляць да народу, вы паставіце ваенных начальнікаў на чале народу.
10 Калі ты падыйдзеш да гораду, каб супраць яго ваяваць, прапануй яму мір.
11 Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе, няхай увесь народ, які ў ім, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.
12 А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, ты пачні аблогу яго.
13 І калі ГОСПАД, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў ягоных вострывам мяча.
14 Толькі жанчынаў і дзяцей, быдла і ўсё іншае, што будзе ў горадзе, усю здабычу ягоную возьмеш сабе і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.
15 Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць гарадамі народаў гэтых.
16 Але ў гарадах народаў гэтых, якія ГОСПАД, Бог твой дае табе ў спадчыну, не пакінеш нікога жывым,
17 але паложыш закляцьце на Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
18 каб яны не навучылі вас усякім брыдотам сваім, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага.
19 Калі будзеш аблягаць горад шмат дзён, каб ваяваць супраць яго і здабыць яго, ня нішчы дрэваў ягоных, сьсякаючы іх сякераю. Будзеш есьці іхнія, а іх саміх не сьсякай. Ці ж дрэва ў полі — гэта чалавек, каб ісьці і аблягаць яго?
20 А калі дрэва не надаецца на ежу, зьнішчы яго, і сьсячы яго, і пабудуй махіны гораду, які ваюе з табою, пакуль не здабудзеш яго.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.