1 САМУЭЛЯ 10 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 10

1 І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго, і сказаў: «Вось, памазаў цябе ГОСПАД на правадыра спадчыны Сваёй.

2 Калі пойдзеш сёньня ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Рахелі, недалёка ад мяжы Бэн’яміна, у Цэльцаху. Яны скажуць табе: “Знайшліся асьліцы, якіх ты пайшоў шукаць. А бацька твой, забыўшыся пра асьліцаў, хвалюецца за вас, кажучы: "Што сталася з сынам маім?"”

3 Калі пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Табор, сустрэнуць цябе тры мужчыны, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несьці трох казьлянят, другі будзе несьці тры круглыя хлябы, а трэці будзе несьці буклак віна.

4 Яны прывітаюць цябе і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш іх з рук іхніх.

5 І прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзяцца Філістынцы. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, якія зыходзяць з узгорку, а перад імі псалтыры, бубны, жалейкі і гусьлі, а самі яны будуць прарочыць.

6 І зыйдзе на цябе Дух ГОСПАДА, і ты будзеш праро­чыць разам з імі, і станеш чалавекам іхнім.

7 Калі зьдзейсьняцца ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо ГОСПАД будзе з табою.

8 І пойдзеш ты перад абліччам маім у Гільгал, а я прыйду да цябе, каб скласьці ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. Чакай мяне сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе, каб навучыць цябе, што маеш рабіць».

9 І калі Саўл павярнуўся, каб адыйсьці ад Самуэля, Бог зьмя­ніў сэрца ягонае на іншае, і ў гэты ж дзень зьдзейсьніліся ўсе знакі гэтыя.

10 І прыйшлі яны адтуль у Гіву, і вось грамада прарокаў выйшла насустрач яму. І зыйшоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарочыць між імі.

11 І калі ўсе, якія яго ведалі ўчора і пазаўчора, убачылі, што ён прарочыць разам з прарокамі, пыталіся адзін аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіша? Няўжо і Саўл між прарокаў?»

12 І адказаў чалавек тамтэйшы, і сказаў: «Хто бацька іхні?» Дзеля таго зьявілася прымаўка: «Няўжо і Саўл між прарокаў?»

13 І скончыў ён прарочыць, і пайшоў на ўзгорак.

14 І спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў слугі ягонага: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асьліцаў. А калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».

15 І сказаў дзядзька Саўла: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»

16 І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асьліцы». А адносна размовы пра валадараньне, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.

17 І склікаў Самуэль народ да ГОСПАДА ў Міцпу,

18 і сказаў сынам Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў Ізраіля з Эгіпту, Я выратаваў вас з рук Эгіпцянаў, і з рук усіх валадарстваў, якія зьдзекваліся над вамі.

19 А вы сёньня адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усялякіх бедаў і трывогаў вашых, і сказалі: "Пастаў над намі валадара!"” Дык цяпер станьце перад абліччам ГОСПАДА паводле каленаў вашых і тысячаў вашых».

20 І загадаў Самуэль падыходзіць усім каленам Ізраіля, і выпала жэрабя на калена Бэн’яміна.

21 І загадаў Самуэль падыхо­дзіць калену Бэн’яміна паводле сем'яў сваіх, і жэрабя выпала на сям'ю Матры, і быў выбраны Саўл, сын Кіша. І шукалі яго, але не маглі знайсьці.

22 І спыталіся ў ГОСПАДА: «Ці чалавек гэты прыйшоў сюды?» І ГОСПАД сказаў: «Ён хаваецца сярод рэчаў».

23 І пабеглі, і прывялі яго адтуль. І стаў ён пасярод народу, і перавышаў ён увесь народ на галаву.

24 І сказаў Самуэль усяму народу: «Ці бачыце таго, каго выбраў ГОСПАД? Бо няма яму роўнага ў-ва ўсім народзе». І ўвесь народ загаманіў: «Няхай жыве валадар!»

25 І абвясьціў Самуэль народу пастанову адносна валадара, і запісаў гэта ў кнігу, і палажыў яе перад абліччам ГОСПАДА. І адпусьціў Самуэль увесь народ, кожнага ў дом свой.

26 Таксама Саўл пайшоў у дом свой у Гіве. І пайшлі з ім ваяры, сэрцаў якіх дакрануўся Бог.

27 А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынесьлі яму падарункаў, але ён не зьвяртаў на гэта ўвагі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help