ІСАЯ 51 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 51

1 Слухайце Мяне вы, якія імкнецеся да праведнасьці, якія шукаеце ГОСПАДА. Паглядзіце на скалу, з якой вы высечаныя, і на глыбіню ямы, з якой вы выцягнутыя.

2 Паглядзіце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас, бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго, і памножыў яго.

3 Бо пацешыць ГОСПАД Сыён, пацешыць усе руіны ягоныя, і зробіць Ён пустыню ягоную як Эдэм, і стэп ягоны — як сад ГОСПАДА. І будуць знойдзены ў ім вясёласьць і радасьць, дзякаваньне і голас сьпяваньня.

4 Паслухай Мяне, народзе Мой, племя Маё, прыхілі вуха да Мяне, бо Закон выйдзе ад Мяне, і суд Мой Я пастаўлю як сьвятло для народаў.

5 Блізка праведнасьць Мая, выходзіць збаўленьне Маё, і рамяно Маё будзе судзіць народы; на Мяне чакаюць астравы і на рамяно Маё спадзяюцца.

6 Узьніміце да неба вочы свае і гляньце на зямлю ўнізе, бо неба, як дым счэзьне, і зямля як адзеньне распадзецца, і жыхары ейныя як камары пагінуць, а збаўленьне Маё будзе вечным, і праведнасьць Мая ня спыніцца.

7 Паслухайце Мяне вы, якія ведаеце праведнасьць, народ, у сэрцы якога Закон Мой. Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей і не палохайцеся зьнявагаў іхніх.

8 Бо як адзеньне, зьесьць іх моль, і як воўну, зьесьць іх чарвяк, а праведнасьць Мая будзе вечная, і збаўленьне Маё — з пакаленьня ў пакаленьне.

9 Абудзіся, абудзіся! Апраніся ў магутнасьць, рамяно ГОСПАДА! Прабудзіся, як у дні старадаўнія, як у пакаленьнях вякоў. Ці ж ня Ты — Той, Які пасек Рагава, прабіў цмока?

10 Ці ж ня Ты — Той, Які высушыў мора, ваду вялікага бяздоньня, глыбіні мора зрабіў шляхам, каб ішлі адкупленыя?

11 Так вызваленыя ГОСПАДАМ вернуцца і прыйдуць на Сыён са сьпяваньем; і ра­дасьць вечная над галовамі іхнімі; і яны атрымаюць радасьць і вясёласьць, а смутак і ўздыханьне ўцякуць.

12 Я, Я — Той, Які пацяшае вас! Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які як трава?

13 І ты забываешся пра ГОСПАДА, Які зрабіў цябе, Які расьцягнуў неба і заснаваў зямлю, і ты ўсьцяж, кожны дзень баішся гневу прыгнятальніка, які гатовы загубіць. Але дзе той гнеў прыгнятальніка?

14 Хутка палонны будзе вызвалены і не памрэ ў яме, і ня будзе бракаваць яму хлеба.

15 Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які ўзбурвае мора, і ўздымаюцца хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.

16 І Я ўлажыў словы Мае ў вусны твае, і ў ценю рукі Маёй Я схаваў цябе, каб расьцягнуць неба і заснаваць зямлю, і сказаць Сыёну: «Ты — народ Мой!»

17 Абудзіся, абудзіся, устань, Ерусалім, ты, які піў з рукі ГОСПАДА келіх гневу Ягонага, выпіў фуз з келіху ап’яненьня, выпіў да дна.

18 Не было нікога, хто б падтрымаў яго. З усіх сыноў, якіх ён нарадзіў, і з усіх сыноў, якіх выгадаваў, не было ніводнага, хто б падтрымаў руку ягоную.

19 Вось, дзьве спаткалі цябе, але хто пашкадуе цябе? Спусташэньне і загуба, голад і меч, і хто пацешыць цябе?

20 Сыны твае зьнясіленыя, ляжаць на скрыжаваньнях усіх вуліцаў як сарна ў цянётах, поўныя гневу ГОСПАДА, пагрозаў Бога твайго.

21 Дзеля гэтага паслухай гэта, гаротны і ап’янелы, але не ад віна.

22 Гэта кажа Госпад твой, ГОСПАД, Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось, Я забіраю з рукі тваёй келіх ап’яненьня, фуз з келіху гневу Майго, і ты ня будзеш больш піць яго.

23 І Я дам яго ў рукі тых, якія прыгняталі цябе і казалі да душы тваёй: “Схіліся, каб мы прайшлі!” І ты лажыў сьпіну тваю як зямлю і як вуліцу для тых, што праходзяць».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help