МАРКА 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Мк 6

1 І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім.

2 І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго?

3 Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся праз Яго.

4 А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім».

5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў.

6 І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы.

7 І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.

8 І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе,

9 але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі.

10 І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль.

11 І калі хто ня прыйме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму».

12 І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся,

13 і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі.

14 І пачуў валадар Ірад, бо імя Ягонае сталася вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго».

15 Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў».

16 Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых».

17 Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.

18 Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».

19 А сама Ірадыяда злавала на і хацела яго зьнішчыць, але не магла,

20 бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго, і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.

21 І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды народзін сваіх справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх,

22 дачка Ірадыяды ўвайшла і танчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе».

23 І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго».

24 Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».

25 І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля».

26 І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць.

27 І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго.

28 Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй.

29 І, пачуўшы, вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу.

30 І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.

31 І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.

32 І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.

33 І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.

34 І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.

35 І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.

36 Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці».

37 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»

38 Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».

39 І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.

40 І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.

41 І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.

42 І елі ўсе, і наеліся.

43 І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.

44 А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.

45 І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп.

46 І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца.

47 І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.

48 І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.

49 Яны, убачыўшы Яго, як Ён ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.

50 Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!»

51 І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся,

52 бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае.

53 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу.

54 І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго,

55 абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.

56 І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help