РУТ 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Рут 4

1 І ўзьняўся Боаз да брамы, і сеў там, і вось, сваяк-абаронца, пра якога казаў Боаз, ідзе. І кажа: «Чалавеча, падыйдзі і сядзь тут». І той падыйшоў, і сеў.

2 І ўзяў дзесяць чалавек са старшыняў гораду, і сказаў: «Сядайце тут». І яны селі.

3 І сказаў да таго сваяка-абаронцы: «Частку поля, якая брату нашаму Элімэлеху, прадае Наомі, што вярнулася з палёў Мааву.

4 І я сказаў, што данесьці да вушэй тваіх гэтыя словы: “Набудзь перад тымі, хто сядзіць тут, і перад старшынямі народу нашага”. Калі адкупіш, адкупляй. А калі не адкупіш, скажы мне, каб я ведаў, бо ніхто ня можа адкупіць перад табою, а я — за табою». І той сказаў: «Я адкуплю».

5 І сказаў Боаз: «У дзень, калі набудзеш поле з рук Наомі, а таксама Рут Мааўлянкі, жонкі памерлага, набудзеш аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай».

6 І сказаў той сваяк-абаронца: «Не магу адкупіць для сябе, бо я зруйную спадчыну сваю. Ты адкупі для сябе маё права адкупленьня, бо я не магу адкупіць».

7 А было даўней у Ізраілі адносна адкупленьня і адносна зьмены ў зацьвярджэньні кожнай справы, што чалавек здымаў сандал свой і даваў яго бліжняму свайму. І гэта было сьведчаньнем у Ізраілі.

8 І сказаў той сваяк-абаронца Боазу: «Набудзь сабе». І зьняў сандал свой.

9 І сказаў Боаз старшыням і ўсяму народу: «Вы — сьведкі ў гэты дзень, што я набыў з рукі Наомі ўсё, што Элімэлеху, і ўсё, што Кільёну і Махлону.

10 І таксама Рут Мааўлянку, жонку Махлона, я набыў сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай, каб не загінула імя памерлага між братоў ягоных і ў брамах месца ягонага. Вы — сьведкі ў гэты дзень».

11 І ўвесь народ, які быў у брамах, і старшыні сказалі: «Мы — сьведкі. Няхай зробіць ГОСПАД, што жанчына, якая ўваходзіць у дом твой, будзе як Рахель і як Лея, якія збудавалі дом Ізраіля. Здабудзь багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя ў Бэтлееме.

12 Няхай дом твой будзе як дом Пэрэса, якога Тамар нарадзіла Юдзе, праз насеньне, якое ГОСПАД дасьць табе праз гэтую дзяўчыну».

13 І ўзяў Боаз Рут, і яна сталася жонкай ягонай. І ён увайшоў да яе, і ГОСПАД даў ёй зачаць, і яна нарадзіла сына.

14 І сказалі жанчыны Наомі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не пакінуў цябе без сваяка-абаронцы ў гэты дзень, і няхай гучыць імя ягонае ў Ізраілі.

15 І будзе ён пацяшэньнем для душы і забесьпячэньнем старасьці тваёй. Бо нявестка твая, якая любіць цябе, нарадзіла яго, тая, што лепшая для цябе за сем сыноў».

16 І ўзяла Наомі дзіцятка, і палажыла на ўлоньне сваё, і была для яго нянькаю.

17 І назвалі суседкі імя ягонае, кажучы: «Нарадзіўся сын у Наомі». І назвалі імя ягонае Абэд. Ён — бацька Есэя, бацькі Давіда.

18 І вось радавод Пэрэса: Пэрэс нарадзіў Хецрона.

19 А Хецрон нарадзіў Рама, а Рам нарадзіў Амінадава.

20 А Амінадаў нарадзіў Нахшона, а Нахшон нарадзіў Сальму.

21 А Сальма нарадзіў Боаза, а Боаз нарадзіў Абэда.

22 А Абэд нарадзіў Есэя, а Есэй нарадзіў Давіда.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help