МАРКА 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Мк 9

1 І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы».

2 І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3 І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

4 І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам.

5 І, адказваючы, Пётар гаворыць Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін».

6 Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя.

7 І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»

8 І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.

9 Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых.

10 І яны прынялі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: «Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?».

11 І спыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?»

12 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто.

13 Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».

14 І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

15 І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, здумеўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

16 І Ён спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся з імі?»

17 І, адказваючы, адзін з натоўпу сказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18 І ён, дзе схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. І я казаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны ня здолелі».

19 Ён жа, адказваючы яму, гаворыць: «О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».

20 І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, адразу дух тузануў яго, і ён упаў на зямлю і качаўся, выпускаючы пену.

21 І спытаўся Ён у бацькі ягонага: «Як даўно гэта зрабілася з ім?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;

22 і шмат разоў кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць. Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі».

23 Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».

24 І адразу, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму недаверству».

25 Ісус, убачыўшы, што зьбіраецца натоўп, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: «Духу нямы і глухі! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!»

26 І той, закрычаўшы і моцна тузануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся, як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.

27 Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28 І калі ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»

29 І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост».

30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.

31 Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб’юць Яго, але, забіты, праз тры дні ўваскрэсьне.

32 Але яны слова гэтага не разумелі, а спытацца ў Яго баяліся.

33 І прыйшоў у Капэрнаум, і калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што ў дарозе вы між сабою разважалі?»

34 Але яны маўчалі, бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы.

35 І, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і служыцелем для ўсіх».

36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх, і, прытуліўшы яго, сказаў ім:

37 «Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў».

38 І адказаў Яму Ян, кажучы: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяе дэманаў, але ня ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць за намі».

39 А Ісус сказаў: «Не забараняйце яму, бо няма нікога, хто, учыніўшы цуд у імя Маё, мог бы хутка праклінаць Мяне.

40 Бо хто ня супраць вас, той за вас.

41 Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй.

42 А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі млынавы камень на шыю ягоную і кінулі яго ў мора.

43 І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны,

44 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

45 І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у геенну, у агонь нязгасны,

46 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

47 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго; лепш табе з адным вокам увайсьці ў Валадарства Божае, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную,

48 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

49 Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая.

50 Соль добрая, але калі соль станецца несалёнай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help