МАЦЬВЕЯ 28 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Мц 28

1 Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось, стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпада, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім.

3 А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег.

4 І ад страху перад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя.

5 А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Ня бойцеся! Бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага.

6 Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад.

7 І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам».

8 І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным.

9 Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму.

10 Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся! Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне».

11 Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася.

12 І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам,

13 кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі.

14 І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату».

15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між Юдэямі аж да сёньня.

16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус.

17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.

18 І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі.

19 Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,

20 навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help