БЫЦЬЦЁ 44 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 44

1 I загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага.

2 А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае». I ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў.

3 Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх.

4 Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: “Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?

5 Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”».

6 І ён дагнаў іх, і прамовіў ім гэтыя словы.

7 А яны сказалі: «Навошта пан мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб учыніць гэткія рэчы.

8 Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы вярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата?

9 У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго».

10 І ён сказаў: «Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя».

11 І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой.

12 А ён шукаў, пачаўшы ад найстарэйшага і скончыўшы наймалодшым; і знайшоў келіх у мяху Бэн’яміна.

13 I разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад.

14 I прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, а ён яшчэ быў там. І яны ўпалі перад абліччам яго на зямлю.

15 I сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?»

16 I сказаў Юда: «Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх».

17 I сказаў: «Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе нявольнікам маім, а вы ўзыходзьце ў супакоі да бацькі свайго».

18 I наблізіўся да яго Юда, і сказаў: «Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон.

19 Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: “Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?”

20 І мы сказалі пану нашаму: “Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго”.

21 I ты сказаў слугам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго”.

22 І мы сказалі пану майму: “Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ”.

23 I сказаў ты слугам тваім: “Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё”.

24 I сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго.

25 I сказаў бацька наш: “Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня”.

26 I мы сказалі: “Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі”.

27 I сказаў нам слуга твой, бацька наш: “Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая.

28 I адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: "Напэўна, ён разьдзёрты", і я ня бачыў яго дагэтуль.

29 І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і заведзіцё вы сівізну маю ў горы ў апраметную”.

30 І цяпер, як я прыйду да слугі твайго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай.

31 I станецца, што ён убачыць, што няма хлопца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную.

32 Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам сваім, кажучы: “Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні”.

33 I цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі.

34 Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help