ДАНІІЛ 8 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 8

1 «У трэці год валадараньня Бэльшацара валадара відзеж зьявіўся мне, мне, Даніілу, пасьля таго, які зьявіўся мне спачатку.

2 І бачыў я ў відзежы, і сталася ў відзежы, што я ў Шушане сталіцы, якая ў краіне Элям, і я бачыў у відзежы, і я быў каля ракі Улай.

3 І я ўзьняў вочы мае, і ўбачыў, і вось, адзін баран стаіць перад ракою, і ў яго рогі, і рогі гэтыя высокія, і адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пазьней.

4 Я бачыў, што баран гэты бадае на захад, і на поўнач, і на поўдзень, і ніякі зьвер ня можа ўстаяць перад ім, і няма нікога, хто можа выратаваць з рукі ягонай. І ён рабіў, што падабалася яму, і ўзьвялічыўся.

5 І калі я разважаў, вось, казёл з козаў ішоў з захаду па абліччы ўсёй зямлі і не датыкаўся зямлі. І ў гэтага казла быў відзён рог паміж вачэй ягоных.

6 І ён прыйшоў да таго барана, які меў рогі, якога я бачыў, што ён стаіць перад ракою, і пабег на яго ў шале сілы сваёй.

7 І я бачыў, што ён наблізіўся да барана, і разьярыўся на яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі ягоныя; і не было сілы ў барана ўстаяць супраць яго. І ён паваліў яго на зямлю, і патаптаў яго; і не было нікога, хто б выратаваў барана з рукі ягонай.

8 А казёл з козаў узьвялічыўся вельмі. Але калі ён узмоцніўся, вялікі рог быў зламаны, і вырасьлі падобныя чатыры замест яго на чатыры вятры нябесныя.

9 А з аднаго з іх выйшаў малы рог, і вырас надзвычайна на поўдзень і на ўсход, і да прыгожай.

10 І ён вырас аж да войска нябеснага, і скінуў на зямлю з таго войска і з зорак, і патаптаў іх.

11 І нават да Князя войска гэтага вырас, і ад Яго была аддалена заўсёдная ахвяра, і пакінута месца сьвятыні Ягонай.

12 І войска было аддадзена разам з ахвярай заўсёднай з прычыны правіны, і ён кінуў праўду на зямлю, і дзейнічаў, і меў посьпех.

13 І я пачуў аднаго сьвятога, які прамаўляў, і сказаў іншы сьвяты да таго, які прамаўляў: “Як доўга будзе відзежы пра заўсёдную ахвяру і правіну спусташэньня, сьвятыня і войска будуць аддадзены на патаптаньне?”

14 І ён сказаў мне: “Ажно да дзьвюх тысячаў трыста вечароў і раніцаў; і будзе ачышчаная сьвятыня”.

15 І сталася, калі я, Данііл, бачыў гэты відзеж і шукаў, каб зразумець, вось, стаў перада мною, падобны да мужа.

16 І я пачуў голас чалавечы пасярод Улаю, які ўсклікнуў і сказаў: “Габрыэлю! Дай зразумець яму відзеж!”

17 І ён падыйшоў да месца майго, і калі ён прыйшоў, я спалохаўся і ўпаў на аблічча маё; і ён сказаў мне: “Зразумей, сыне чалавечы, што пра час канца відзеж гэты”.

18 А калі ён прамаўляў да мяне, я быў у глыбокім сьне, абліччам маім на зямлі; і ён дакрануўся да мяне, і паставіў мяне на месцы маім,

19 і сказаў: “Вось, я паведамляю табе, што будзе пры канцы абурэньня гэтага, бо ў часе канец.

20 Баран, якога ты бачыў, які мае рогі — гэта валадар Мідзянаў і Пэрсаў.

21 А казёл касматы — гэта валадар Явану; а рог вялікі, які паміж вачэй ягоных — гэта першы валадар.

22 А што ён зламіўся і замест яго паўсталі чатыры — гэта чатыры валадарствы, якія паўстануць з народу, але бяз сілы ягонай.

23 А ў канцы валадарства іхняга, калі адступнікі скончаць, паўстане валадар з нахабным абліччам і здольны ў падступнасьці.

24 І ўзмоцніцца сіла ягоная, але ня сілаю сваёй, і нечувана ён будзе нішчыць, і будзе мець посьпех, і дзейнічаць, і зьнішчыць магутных і народ сьвятых.

25 І дзякуючы розуму ягонаму, будзе мець посьпех падман у руцэ ягонай, і ён узьвялічыцца ў сэрцы сваім, і ў супакою зьнішчыць мноства. І ён паўстане супраць Князя князёў, але не рукою будзе зломлены.

26 А відзеж пра вечар і раніцу, пра які сказана, — гэта праўда; але ты схавай гэты відзеж, бо ён праз шмат дзён”.

27 І я, Данііл, самлеў, і быў хворы дзён. І я ўстаў, і рабіў справы валадара; і я быў уражаны відзежам, але ніхто гэтага не разумеў».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help