1 ВАЛАДАРОЎ 3 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Вал 3

1 І пасваячыўся Салямон з фараонам, валадаром Эгіпту, і ўзяў за жонку дачку фараона. І ўвёў ён яе ў горад Давіда, калі яшчэ не пабудаваў дом сабе, і Дом ГОСПАДА, і муры кругом Ерусаліму.

2 Але народ складаў ахвяры на ўзгорках, бо ня быў яшчэ пабудаваны Дом для імя ГОСПАДА ў тыя дні.

3 І любіў Салямон ГОСПАДА, ходзячы паводле пастановаў Давіда, бацькі свайго, але і ён складаў ахвяры і каджэньні на ўзгорках.

4 І пайшоў валадар у Гібэон, каб там скласьці ахвяру, бо там быў вялікі ўзгорак. І Салямон склаў на тым ахвярніку тысячу цэласпаленьняў.

5 У Гібэоне зьявіўся Салямону ўначы ў-ва сьне ГОСПАД, і сказаў Бог: «Прасі тое, што, і Я дам табе».

6 І сказаў Салямон: «Ты зьявіў слузе твайму Давіду, бацьку майму, міласэр­насьць вялікую, калі ён хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і праведнасьці, і ў правасьці сэрца адносна Цябе. І захаваў Ты яму вялікую міласэрнасьць гэтую, і даў яму сына, які ся­дзіць на пасадзе ягоным, як гэта сёньня.

7 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты зрабіў валадаром слугу Твайго на месцы Давіда, бацькі майго, а я — малады юнак, ня ўмею выходзіць і прыходзіць.

8 І слуга Твой сярод народу Твайго, які Ты выбраў, народу шматлікага, якога нельга ані палічыць, ані перапісаць, бо яго шмат.

9 Дык дай слузе Твайму сэрца, якое слухае, каб судзіць народ Твой і адрозьніваць, што добрае, а што ліхое. Бо хто ж можа судзіць такі шматлікі народ Твой?»

10 І добрае было слова ў вачах Госпада, што прасіў Салямон пра гэтую рэч.

11 І сказаў Бог: «За тое, што ты прасіў у малітве гэтую рэч, і не прасіў для сябе доўгіх дзён, і не прасіў для сябе багацьця, і не прасіў для сябе душаў ворагаў тваіх, але прасіў ты разуменьня, каб слухаць у судзе,

12 вось, Я зраблю паводле словаў тваіх. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разважлівае, так што такога, як ты, не было перад табою і ня будзе пасьля цябе.

13 І таксама Я даю табе тое, пра што ты прасіў, даю табе таксама багацьце і славу такую, што падобным табе ня будзе ніхто з валадароў у-ва ўсе дні твае.

14 А калі ты будзеш хадзіць шляхамі Маімі, калі будзеш захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, як хадзіў Давід, бацька твой, Я зраблю доўгімі дні твае».

15 І прачнуўся Салямон, і вось, гэта сон. І прыйшоў ён у Ерусалім, і стаў перад Каўчэгам Запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, і зрабіў банкет для ўсіх слугаў сваіх.

16 І прыйшлі да валадара дзьве жанчыны блудніцы, і сталі перад абліччам ягоным.

17 І адна жанчына сказала: «О, гаспадару мой, я і гэта жанчына жывем у адным доме. І пры ёй у доме я нарадзіла.

18 І сталася праз тры дні пасьля родаў маіх, таксама гэтая жанчына нарадзіла. І былі мы разам, і апрача нас дзьвюх нікога іншага з намі ў доме не было.

19 І ўначы памёр сын жанчыны гэтай, бо,, яна задушыла яго.

20 І яна ўстала ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі служка твая спала, і палажыла яго на ўлоньні сваім. А сына свайго, мёртвага, палажыла на ўлоньне маё.

21 І я ўстала раніцаю, каб пакарміць сына свайго, і вось, ён мёртвы. А калі пры сьвятле я прыгледзелася, вось, ня мой гэта сын, якога я нарадзіла».

22 А сказала іншая жанчына: «Не, бо сын мой жывы, а твой памёр». А тая казала: «Не, гэта твой сын памёр, а мой жывы». І спрачаліся яны перад абліччам валадара.

23 І сказаў валадар: «Гэтая кажа: “Сын мой жывы, а сын твой памёр”, а тая кажа: “Не, бо твой сын памёр, а мой сын жывы”».

24 І сказаў валадар: «Прынясіце мне меч!» І прынесьлі перад аблічча валадара меч.

25 І сказаў валадар: «Расьсячыце жывое дзіця на дзьве часткі, і дайце адной палову, і другой палову».

26 І сказала валадару жанчына, сын якой быў жывы, бо ўзрушыліся да сына свайго ўнутранасьці ейныя, і яна сказала: «Гаспадару мой, жывое дзіця аддайце ёй, але не забівайце яго». А другая сказала: «Няхай ня будзе ён ані табе, ані мне. Расьськайце».

27 І адказаў валадар, і сказаў: «Дайце ёй жывое дзіця, і не забівайце яго, бо яна — маці ягоная».

28 І пачуў увесь Ізраіль пра гэты суд, як прысудзіў валадар; і баяліся перад абліччам валадара, бо бачылі ў ім мудрасьць Божую, каб чыніць суд.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help