ДАНІІЛ 1 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 1

1 У трэці год валадараньня Егаякіма, валадара Юды, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да Ерусаліму і аблёг яго.

2 І аддаў Госпад у руку ягоную Егаякіма, валадара Юды, і частку начыньняў Дому Божага, і ён занёс іх у зямлю Шынэар у дом бога свайго, і ўнёс начыньні гэтыя ў скарбніцу бога свайго.

3 І сказаў валадар Ашпэназу, начальніку эўнухаў сваіх, каб ён прывёў з сыноў Ізраіля і з насеньня валадарскага і княскага

4 юнакоў, якія ня маюць у сабе аніякай заганы, добры выгляд, разуме­юць усякую мудрасьць, і кемлівыя ў навучаньні, і здольныя да ведаў, каб яны мелі сілу стаяць у палацы валадарскім і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйскай.

5 І вызначыў ім валадар на кожны дзень ежу валадара і віно, якое сам піў, каб гадаваць іх так тры гады, каб пасьля заканчэньня іх яны сталі перад абліччам валадара.

6 І былі сярод іх з сыноў Юды Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя.

7 І даў ім начальнік эўнухаў імёны, Даніілу даў Бэльтэшацар, Ананію — Шадрах, Мішаэлю — Мэшах, а Азарыі — Авэд-Нэго.

8 І пастанавіў Данііл у сэрцы сваім, што ён ня будзе апаганьвацца ежаю валадара і віном, якое той піў; і ён прасіў начальніка эўнухаў, каб яму не апаганіцца.

9 І даў Бог Даніілу міласэрнасьць і спагаду перад абліччам начальніка эўнухаў.

10 І сказаў начальнік эўнухаў Даніілу: «Я баюся пана майго, валадара, які вызначыў для вас ежу і напоі. Бо калі ён убачыць, што абліччы вашыя марнейшыя, чым у юнакоў вашага веку, тады вы наразіце на небясьпеку галаву маю перад валадаром».

11 І сказаў Данііл наглядчыку, якога начальнік эўнухаў паставіў над Даніілам, Ананіем, Мішаэлем і Азарыем:

12 «Выспрабуй, калі ласка, слугаў тваіх дзён дзесяць; і няхай даюць нам гародніну, і мы будзем есьці, і ваду, і мы будзем піць.

13 І паглядзіш на выгляд наш і выгляд юнакоў, якія ядуць ежу валадара; і паводле таго, што ўбачыш, рабі са слугамі тваімі».

14 І ён паслухаў іх у гэтай справе, і выспрабоўваў іх дзесяць дзён.

15 І ў канцы дзесяці дзён выгляд іхні выяўвіўся лепшым і цела здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу валадара.

16 І сталася, што наглядчык забіраў ад іх ежу і віно, якое яны мелі піць, і даваў ім гародніну.

17 І гэтым чатыром юнакам Бог даў веды і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Данііл разумеў усякія ві­дзежы і сны.

18 І пасьля заканчэньня дзён, калі валадар сказаў прывесьці іх, начальнік эўнухаў прывёў іх перад аблічча Навухаданосара.

19 І гаварыў з імі валадар, і не знайшлося сярод іх усіх, як Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. І яны сталі перад абліччам валадара.

20 І ў-ва ўсіх справах мудрасьці і разуменьня, пра што валадар пытаўся ў іх, ён знайшоў іх у дзесяць разоў за ўсіх варажбітоў і астролягаў, якія ў-ва ўсім валадарстве ягоным.

21 І Данііл быў да першага году валадара Кіра.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help