ЕГОШУА 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ег 9

1 І пачулі пра гэта ўсе валадары, што жылі за Ярданам, якія жылі на гарах, і ў даліне, і на беразе Мора Вялікага аж да Лібану, Хеты і Амарэйцы, Хананейцы, Пэрэзэі, Хівеі і Евусэі,

2 і злучыліся разам, каб супольна ваяваць супраць Егошуа і Ізраіля.

3 А жыхары Гібэону, чуючы ўсё, што зрабіў Егошуа з Ерыхонам і Гаем,

4 абдумалі хітрасьць, і пайшлі, і ўзялі з сабою ў дарогу харчы, і ўсклалі старыя мяхі на аслоў і пустыя мяхі на віно, падзёртыя і палатаныя,

5 і на нагах мелі падзёрты абутак, і апрануліся ў старое адзеньне, і ўвесь іхні хлеб падарожны быў сухі і паламаны.

6 І прышлі яны да Егошуа ў табар у Гільгале, і сказалі яму і ўсім мужам Ізраілю: «Прыйшлі мы з далёкай зямлі, і цяпер заключыце запавет з намі».

7 І сказалі Ізраільцяне Хівеям: «А можа вы блізка каля нас жывецё, і мы ня можам заключаць запавет з вамі?»

8 А яны сказалі Егошуа: «Слугі мы твае». І Егошуа сказаў ім: «Хто вы і адкуль прыйшлі?»

9 Яны сказалі яму: «З далёкай вельмі зямлі прыйшлі слугі твае ў імя ГОСПАДА, Бога твайго. Бо мы чулі пра славу магутнасьці Ягонай, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Эгіпце,

10 і што зрабіў двум валадарам Амарэйскім за Ярданам, Сыгону, валадару Хешбону, і Огу, валадару Башану, які быў у Аштароце.

11 І сказалі нам старшыні і ўсе жыхары зямлі нашай: “Вазьміце харчы ў дарогу і скажыце ім пры сустрэчы: "Слугі мы вашыя, заключыце з намі запавет"”.

12 Вось хлеб наш. Калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб ісьці да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і паламаны.

13 Мяхі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся; адзеньне, у якое апранутыя, і сандалы, якія маем на нагах, дзеля далёкай дарогі падзёрліся, ледзь трымаюцца».

14 Ізраільцяне пакаштавалі хлеб іхні, але што скажа ГОСПАД, не спыталіся.

15 І заключыў Егошуа мір з імі, і заключыў з імі запавет, і абяцаў ім жыцьцё, а князі грамады пацьвердзілі гэта ім прысягаю.

16 Праз тры дні пасьля заключэньня запавету пачулі, што яны жывуць у суседзтве і блізка іх.

17 І сыны Ізраіля вырушылі, і ў трэці дзень прыйшлі ў гарады іхнія, а гарады іхнія Гібэон, Кефіра, Бэерот і Кірыят-Ярым.

18 І сыны Ізраіля не пазабівалі іх, бо запрысягнулі ім князі грамады ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. І наракала ўся грамада на князёў.

19 І сказалі ўсе князі да ўсёй грамады: «Мы прысягалі ім у імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і дзеля гэтага ня можам іх чапаць.

20 Але зробім з імі так: захаваем іх пры жыцьці, каб не сьцягнуць гневу ГОСПАДА супраць сябе дзеля прысягі, якой мы запрысягліся».

21 І сказалі ім князі: «Няхай яны жывуць, але няхай сякуць дровы і носяць ваду для ўсёй грамады». Так прамовілі ім князі.

22 І паклікаў Егошуа, і сказаў ім: «Чаму вы захацелі нас ашукаць падступна, кажучы: "Мы ад вас вельмі далёка жывём", калі вы блізка нас жывіцё?

23 І цяпер вы будзеце пад праклёнам і ніхто з вашага роду не перастане секчы дровы і насіць ваду ў Дом Бога майго».

24 І яны адказалі Егошуа, і сказалі: «Мы, слугі твае, даведаліся, што ГОСПАД, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасьць вам усю зямлю гэтую і зьнішчыць усіх жыхароў зямлі гэтай перад абліччам вашым. І мы дужа баяліся за жыцьцё нашае перад абліччам вашым, і вырашылі так зрабіць.

25 І цяпер мы ў руках тваіх.Што добра і справядліва ў вачах тваіх, рабі з намі».

26 І так зрабіў з імі, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраіля, і не былі яны забітыя.

27 У той дзень паставіў іх Егошуа, каб яны секлі дровы і насілі ваду для грамады і для ахвярніка ГОСПАДА аж да цяперашняга часу на месцы, якое выбярэ.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help