ЛІКІ 24 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 24

1 І ўбачыў Білеам, што добра ў вачах ГОСПАДА, каб дабраславіць Ізраіля, і ён не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў аблічча сваё на пустыню.

2 І падняў Білеам вочы свае, і ўбачыў Ізраіля, што стаяў паводле каленаў сваіх, і агарнуў яго Дух Божы,

3 і абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,

4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць відзежы Усемагутнага, той, хто падае, але мае вочы адкрытыя.

5 Якія добрыя намёты твае, Якубе, і сялібы твае, Ізраілю!

6 Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як альвасы, якія ГОСПАД пасадзіў, як кедры над водамі.

7 Цячэ вада з нетраў ягоных, і зерне ягонае мае ўдосталь вады. Валадар ягоны мацнейшы за Агага, і ўзвышаецца валадарства ягонае.

8 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для яго — як рог аднарога. Праглыне ён народы, прыгнятальнікаў сваіх, косткі іхнія патрушчыць і праб'е стрэламі сваімі.

9 Ён прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца. Хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраслаўляе цябе, сам будзе дабраслаўлёны; хто праклінае цябе, сам будзе пракляты!»

10 І разгневаўся Балак на Білеама, і пляснуў у далоні свае, і сказаў Балак Білеаму: «Праклінаць ворагаў маіх я паклікаў цябе. А вось, ты іх ўжо трэці раз, дабраслаўлючы, дабраслаўляеш!

11 Дык цяпер уцякай у месца сваё! Хацеў я цябе, ушаноўваючы, ушанаваць, але вось, ГОСПАД пазбавіў цябе ўшанаваньня».

12 І сказаў Білеам Балаку: «Ці ж да пасланцоў тваіх, якіх ты паслаў да мяне, я не прамаўляў, кажучы:

13 “Хоць бы Балак даваў мне поўны дом свой срэбра або золата, не магу працівіцца з вуснаў ГОСПАДА, каб што добрае, ці што ліхое ўчы­ніць з сэрца майго, але тое, што ГОСПАД прамовіць, я прамаў­ляць буду”.

14 І цяпер, вось, я іду да народу майго, але падыйдзі, я паведамлю табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у наступныя дні».

15 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы,

16 кажа той, хто чуе словы Божыя, які ведае думку Найвышэйшага і бачыць відзежы Усемагутнага, які падае, але мае адкрытыя вочы.

17 Бачу яго, але не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка з Якуба, і паўстае скіпетр з Ізраіля; і ён струшчыць скроні Мааву і зьні­шчыць усіх сыноў Сэта.

18 І Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір станецца ўласнасьцю ворагаў сваіх, а Ізраіль станецца моцным.

19 Ад Якуба выйдзе той, які мае ўладу, і зьнішчыць ён рэшткі гораду».

20 І ўбачыў ён Амалека, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Амалек — першы з народаў, але канец ягоны — загуба».

21 І ўбачыў ён Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае гняздо тваё;

22 але будзе на спаленьне Кенэй, калі Асур зьняволіць цябе».

23 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Гора! Хто бу­дзе жыць, калі Бог зробіць гэта?

24 Прыплывуць караблі з Кіттыму, і перамогуць Асура, і перамогуць Эвэра, але ўрэшце самі загінуць».

25 І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў месца сваё, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help