ВЫХАД 38 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Вых 38

1 I зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыня яго і пяць локцяў шырыня яго, ён чатырохкутны, і тры локці вышыня яго.

2 I зрабіў рогі ягоныя на чатырох вуглах ягоных, з яго выходзілі рогі ягоныя; і пакрыў іх медзьдзю.

3 I зрабіў усе начыньні ахвярніка: гаршчкі, лапаткі, місы, відэльцы і кадзільніцы; усе начыньні ягоныя зрабіў з медзі.

4 I зрабіў да ахвярніка крату, плеценай работы, мядзяную, пад вобадам зьнізу да паловы яго.

5 I выліў чатыры колцы на чатырох вуглах краты мядзянай, каб укладаць насілы.

6 I зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх медзьдзю.

7 I ўлажыў насілы ў колцы на баках ахвярніка для нашэньня яго імі. Пустым унутры зрабіў яго з дошак.

8 I зрабіў мыцельнік мядзяны і падставу ягоную мядзяную з люстэрак жанчынаў, якія зьбіраліся каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

9 I зрабіў панадворак: з паўднёвага боку, на поўдзень — заслоны з кручанага вісону ў сто локцяў,

10 слупоў да іх дваццаць і падставак да іх дваццаць мядзяных, а кручкі на слупах і клямкі да іх срэбныя.

11 I на паўночным баку — ў сто локцяў, слупоў да іх дваццаць і падставак да іх дваццаць мядзяных; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.

12 I з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў да іх дзесяць і падставак да іх дзесяць; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.

13 I з пярэдняга боку, на ўсход — у пяцьдзясят локцяў.

14 Пятнаццаць локцяў — заслоны з краю, слупоў да іх тры і падставак да іх тры.

15 I з другога краю, з іншага брамы панадворку — заслоны ў пятнаццаць локцяў; слупоў да іх тры і падставак да іх тры.

16 Усе заслоны вакол панадворку — з кручанага вісону,

17 і падстаўкі да слупоў мядзяныя, кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя, і пакрытыя вярхі іхнія срэбрам, і ўсе яны павязаныя срэбрам, усе слупы панадворку.

18 Заслона для брамы панадворку — гафтаванае работы з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, дваццаць локцяў — даўжыня, а вышыня і шырыня — пяць локцяў, падобна да іншых заслонаў панадворку;

19 і слупоў да яе чатыры, і падставак да іх чатыры мядзяных; кручкі іхнія срэбныя, і пакрыцьцё вярхоў іх і клямкі да іх срэбныя.

20 А ўсе калкі Сялібы і панадворку наўкола — мядзяныя.

21 Вось каштарыс Сялібы, Сялібы Сьведчаньня, які падлічаны паводле словаў Майсея працаю лявітаў пад рукою Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

22 І Бэцалеэль, сын Урыя, сын Хура, з калена Юды, зрабіў усё, што загадаў ГОСПАД Майсею;

23 а з ім Агаліяў, сын Ахісамаха, з калена Дана, разьбяр і мастак, і вышывальнік на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне.

24 Усяго золата, ужытага на работу, на ўсе працы ў сьвятыні, — а было гэта золата, патрэсваньнем, — было дваццаць дзевяць талентаў і сямсот трыццаць сыкляў, паводле сыкля сьвятыні.

25 А срэбра ад палічаных у грамадзе сто талентаў і тысяча сямсот семдзясят пяць сыкляў, паводле сыкля сьвятыні.

26 Бэка з галавы, палова сыкля, паводле сыкля сьвятыні, з кожнага, хто прыйшоў, каб быць палічаным, ад дваццаці гадоў і вышэй, з шасьцісот трох тысячаў пяцьсот пяцідзесяці.

27 I было сто талентаў срэбра ўжыта на адліцьцё падставак сьвятыні і падставак заслонаў; сто падставак са ста талентаў, па таленту на падстаўку.

28 А з тысячы сямсот сямідзесяці пяці зрабіў кручкі на слупах, і пакрыў вярхі іхнія, і злучыў іх клямкамі.

29 А медзі, патрэсваньнем, было семдзясят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.

30 І зрабіў ён з яе падстаўкі да слупоў каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ахвярнік мядзяны, і крату мядзяную да яго, і ўсё начыньне ахвярніка,

31 і падстаўкі панадворку наўкола, і падстаўкі брамы панадворку, і ўсе калкі Сялібы, і ўсе калкі панадворку наўкола.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help