ДРУГАЗАКОНЬНЕ 2 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Друг 2

1 І павярнуліся мы, і рушылі мы ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага, як да мяне прамовіў ГОСПАД, і шмат дзён абыходзілі вакол гару Сэір.

2 І сказаў ГОСПАД мне, кажучы:

3 “Досыць вам хадзіць кругом гары гэтай, Зьвярніце на поўнач.

4 А народу загадай, кажучы: "Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, якія жывуць у Сэіры, і яны будуць баяцца вас, і вы будзьце вельмі ўважлівыя,

5 не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй нават на стапу нагі, таму што гару Сэір Я даў у валоданьне Эзаву.

6 Ежу купляйце ў іх за срэбра і ешце; таксама ваду купляйце ў іх за срэбра і піце.

7 Бо ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх. Ён ведае вандроўку тваю ў гэтай пустыні вялікай. Вось, сорак гадоў ГОСПАД, Бог твой, з табою, і нічога табе не бракавала"”.

8 І абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія жылі ў Сэіры, шляхам на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі шляхам у пустыню Мааў.

9 І сказаў мне ГОСПАД: “Не варагуй супраць Мааву і не пачынай з імі вайны, бо Я ня дам нічога ў валоданьне табе з зямлі іхняй, бо Я аддаў Ар у валоданьне сынам Лота’”.

10 Перад тым жылі ў ёй Эмімы, народ вялікі, шматлікі і высокі, як Анака.

11 Лічылі іх Рэфаімамі, як і Анака. А Мааўляне называюць іх Эмімамі.

12 А ў Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх, і вынішчылі іх перад абліччам сваім, і пасяліліся на месцы іхнім, як зрабіў Ізраіль у зямлі спадчыны сваёй, якую даў яму ГОСПАД.

13 “Цяпер уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд”. І перайшлі мы ручай Зарэд.

14 А дзён, калі мы ішлі з Кадэш-Барнэа да ручая Зарэд, было трыццаць восем гадоў, аж пакуль не згінула ў табары ўсё тое пакаленьне ваяроў, як ім гэта запрысяг ГОСПАД.

15 Таксама рука ГОСПАДА была супраць іх, каб зьнішчыць іх у табары, аж пакуль яны не загінулі.

16 І сталася, калі згінулі ўсе ваяры, паміраючы сярод народу,

17 прамовіў да мяне ГОСПАД, кажучы:

18 “Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Мааву,

19 і наблізішся да сыноў Амона. Не чапай іх і не пачынай вайны з імі, бо Я ня дам табе нічога ў валоданьне з зямлі сыноў Амона, бо Я аддаў ў валоданьне сынам Лота”.

20 Яна лічылася зямлёй Рэфаімаў; раней жылі ў ёй Рэфаімы, а сыны Амона называлі іх Замзумімамі.

21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, і зьнішчыў іх ГОСПАД перад абліччам, і яны пасяліліся на месцы іхнім.

22 Таксама зрабіў ГОСПАД сынам Эзава, якія жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, і яны выгналі іх, і самі жывуць на месцы іхнім аж да гэтага дня.

23 І Авімаў, што жылі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, якія выйшлі з Кафтору, і пасяліліся на месцы іхнім.

24 “Уставайце, рушце ў дарогу, і пераходзьце ручай Арнон. Вось, Я аддаў у рукі твае Сыгона, валадара Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць зямлю ягоную, і пачынай вайну супраць яго.

25 Сёньня Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою”.

26 І паслаў я пасланцоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, валадара Хешбону, са словамі мірнымі, кажучы:

27 “Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю. Я пайду гасьцінцам, ня збочу ані ўправа, ані ўлева.

28 Жыўнасьць продай мне за срэбра, каб я мог есьці. Таксама ваду продай мне за срэбра, каб я мог піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,

29 як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і Мааўляне, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам ГОСПАД, Бог наш”.

30 Але Сыгон, валадар Хешбону, не захацеў дазволіць нам прайсьці праз зямлю ягоную, бо ГОСПАД, Бог наш, закамяніў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў цьвёрдым, каб аддаць яго ў рукі твае, як гэта сёньня.

31 І сказаў ГОСПАД мне: “Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай, авалодвай, каб успадкаеміць зямлю ягоную”.

32 І выйшаў супраць нас Сыгон, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Ягац.

33 І выдаў яго нам ГОСПАД, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.

34 У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі закляцьце на кожны горад, на мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей, нікога з іх не пакінулі,

35 акрамя жывёлы, якую ўзялі сабе, і здабычы з гарадоў, занятых намі.

36 Ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і ад гораду ў даліне аж да Гілеаду не было для нас гораду, які быў мацнейшы за нас; усё аддаў нам ГОСПАД, Бог наш.

37 Толькі да зямлі сыноў Амона ты не набліжаўся, і да мясцовасьцяў вакол ручая Ябок, да гарадоў у гарах, і ўсё, як загадаў ГОСПАД, Бог наш.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help