ВЫХАД 36 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Вых 36

1 I зробіць Бэцалеэль, і Агаліяў, і кожны мудры сэрцам, якому даў ГОСПАД мудрасьць і разумнасьць у нутры іхнім, каб маглі зрабіць усю працу для служэньня ў сьвятыні, усё, як загадаў ГОСПАД».

2 I паклікаў Майсей Бэцалеэля, і Агаліява, і кожнага мудрага сэрцам, якому ГОСПАД даў мудрасьць у сэрца ягонае, усіх, каго прынукала сэрца ягонае ўзяцца за працу і зрабіць яе.

3 I ўзялі яны ад аблічча Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраіля на працы для служэньня ў сьвятыні, каб зрабіць яе. І яны прыносілі да яго яшчэ дабраахвотна кожную раніцу.

4 I прыйшлі ўсе мудрыя, якія рабілі ўсялякія працы ў сьвятыні, кожны ад працы сваёй, якою яны займаліся,

5 і сказалі Майсею, кажучы: «Народ вельмі шмат прыносіць, больш, чым патрэбна для працы, якую загадаў ГОСПАД зрабіць».

6 I загадаў Майсей, і абвешчана было ўголас у табары, кажучы: «Ані мужчына, ані жанчына няхай ня робяць ужо нічога як дар для сьвятыні». І перастаў народ прыносіць.

7 I прынесенага на работу было даволі на ўсялякую працу, якую належала зрабіць, і яшчэ заставалася.

8 I зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў Сялібе, дзесяць палотнаў з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і херувімаў майстэрскай работай зрабілі на іх.

9 Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці. Адна мера для ўсіх палотнаў.

10 I злучыў пяць палотнаў адно з адным, і пяць палотнаў злучыў адно з адным.

11 I зрабіў пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна для спінаньня; гэтак зрабіў ён на краі апошняга палатна, для спінаньня з іншага боку.

12 Пяцьдзясят пяцелек зрабіў ён на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на канцы палатна для спінаньня з другім; пяцелькі гэтыя — насупраць адна адной.

13 I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыў гачыкамі палотны адно з адным, і сталася Сяліба адным.

14 I зрабіў палотны з казінае для намёту Сялібы; адзінаццаць палотнаў зрабіў іх.

15 Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, і чатыры локці — шырыня аднаго палатна; мера адна для адзінаццаці палотнаў.

16 I злучыў ён пяць палотнаў асобна, і шэсьць палотнаў асобна.

17 I зрабіў пяцьдзясят пяцелек на краі палатна на канцы для спінаньня, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на краі палатна для спінаньня з іншага боку.

18 I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў мядзяных для злучэньня намёту, каб быў адным.

19 I зрабіў пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш.

20 I зрабіў дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць, з дрэва акацыі.

21 Дзесяць локцяў — даўжыня дошкі, і паўтары локці — шырыня адной дошкі.

22 Па два шыпы ў кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога; гэтак зрабіў ён у-ва ўсіх дошках Сялібы.

23 I зрабіў дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, на поўдзень.

24 I сорак срэбных падставак зрабіў пад дваццаць дошак: дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных.

25 I да другога боку сялібы, на поўнач, зрабіў дваццаць дошак,

26 і сорак падставак для іх срэбных: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.

27 I да задняга боку Сялібы, на захад, зрабіў шэсьць дошак.

28 I дзьве дошкі зрабіў для вуглоў Сялібы пры боку.

29 I яны былі злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак зрабіў ён з імі абедзьвума на абодвух вуглах.

30 I было восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць, дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.

31 I зрабіў ён жэрдкі з дрэва акацыі, пяць да дошак аднаго боку сялібы,

32 і пяць жэрдак да дошак другога боку сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку сялібы.

33 I зрабіў сярэднюю жэрдку, што праходзіла пасярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога.

34 I дошкі пакрыў золатам; і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зрабіў з золата, і жэрдкі пакрыў золатам.

35 I зрабіў заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; і мастацкай работай зрабіў на ёй херувімаў.

36 I зрабіў да яе чатыры слупы з акацыі, і пакрыў іх золатам, і кручкі на іх — залатыя, і выліў да іх чатыры падстаўкі срэбныя.

37 I зрабіў заслону на ўваходзе намёту з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, гафтаванае работы,

38 і слупоў для яе пяць з кручкамі да іх, і пакрыў вярхі іхнія і клямкі іхнія золатам, і да іх пяць падставак мядзяных.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help