ІСАЯ 65 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 65

1 Я адкрыўся тым, якія не пыталіся пра Мяне, Я знойдзены тымі, якія не шукалі Мяне. Я казаў: «Вось Я, вось Я!» да народу, які ня клікаў імя Маё.

2 Увесь дзень Я выцягваў рукі Мае да народу бунтаўнічага, які ходзіць па шляху нядобрым, паводле намераў сваіх,

3 да народу, які гнявіць Мяне перад абліччам Маім заўсёды, які складае ахвяры ў гаях і паліць кадзіла на цэглах.

4 Яны сядзяць у магілах, начуюць у заканурках, ядуць сьвіное мяса, і стравы нячыс­тыя ў пасудзінах іхніх,

5 яны кажуць: «Адыйдзіся! Не набліжайся да мяне, бо я — сьвяты для цябе». Яны дым у ноздрах Маіх, агонь, які палае ўвесь дзень.

6 Вось, напісана перад абліччам Маім. Ня буду маўчаць, пакуль не аднагароджу, і не аднагароджу ва ўлоньне іхняе.

7 За беззаконьні вашыя і за беззаконьні бацькоў вашых, кажа ГОСПАД, што вы кадзілі на гарах і на ўзгорках зьневажалі Мяне, Я адмераю ім плату ва ўлоньне іхняе за ўчынкі старадаўнія.

8 Гэта кажа ГОСПАД: «Калі знаходзіцца сок у гронках вінаградных і кажуць: “Ня нішчыце іх, бо ў іх дабраславенства”, так і Я зраблю дзеля слугаў Маіх, каб ня нішчыць усяго.

9 І Я выведу з Якуба насеньне, а з Юды — спадкаемца гор Маіх, і выбранцы Мае ўспадкаемяць, і слугі Мае будуць жыць там.

10 І стане Шарон пашаю для авечак, а даліна Ахор — выганам для быдла для народу Майго, які шукае Мяне.

11 А вы пакінулі ГОСПАДА і забыліся пра сьвятую гару Маю, і накрываеце стол у гонар Гада і напаўняеце віном мяшаным у гонар Мэні.

12 І Я прызначаю пад меч, і ўсе вы пойдзеце на зарэз, бо Я клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і выбралі сабе тое, што Мне не падабалася».

13 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.

14 Вось, слугі Мае будуць сьпяваць з радасьцю сэрца, а вы бу­дзеце крычаць з болем сэрца, будзеце галасіць з прыгнечаным духам.

15 І вы пакінеце імя вашае выбранцам Маім на праклён,: “Няхай заб’е цябе Госпад ГОСПАД”, а слугі Мае будуць названыя іншым імем,

16 якім хто будзе дабраслаў­ляць на зямлі, будзе дабраслаўлёны Богам верным, а хто бу­дзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам верным, бо ўціскі даўнейшыя забудуцца і будуць закрытыя перад вачыма Маімі».

17 Бо вось, Я ствару новае неба і новую зямлю, і ня будуць узгадваць даўнейшае, і яно ня прыйдзе на сэрца.

18 А вы будзеце цешыцца і весяліцца вечна з таго, што Я ствару, бо вось, Я ствару Ерусалім дзеля вясёласьці, а народ ягоны — дзеля ўцехі.

19 І Я буду радавацца з Ерусаліму, і буду цешыцца з народу Майго, і ня будзе больш чуваць у ім голас плачу і голас нараканьня.

20 І ня будзе з таго часу ў ім малога днямі і старога, які б не дапоўніў дзён сваіх, бо юнак памрэ стогадовым, а стогадовы грэшнік будзе пракляты.

21 І пабудуюць дамы, і будуць жыць, і пасадзяць вінаграднікі, і будуць есьці плады іхнія.

22 Ня будуць будаваць, каб хто іншы жыў, і ня будуць садзіць, каб хто іншы еў. Бо як дні дрэва дні народу Майго, і выбранцы Мае будуць карыстацца зробленым рукамі іхнімі.

23 Ня будуць працаваць надарма, і ня будуць нараджаць на загубу, бо яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ, і нашчадкі іхнія разам з імі.

24 І станецца, што перш, чым яны паклічуць, Я адкажу ім, і калі яшчэ будуць гаварыць, Я ўжо выслухаю.

25 Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help