ПСАЛЬМЫ 78 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Пс 78

1 Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!

2 Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія.

3 Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,

4 гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.

5 І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі сынам сваім,

6 каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі сынам сваім.

7 І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,

8 і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу.

9 Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы.

10 Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага.

11 І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён даў ім бачыць.

12 Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цаан.

13 Ён расьсек мора і перавёў іх, і паставіў воды, як капу.

14 І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным.

15 Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані,

16 і вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды.

17 Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой.

18 Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх.

19 І гаварылі супраць Бога, кажучы: «Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?»

20 Вось, Ён ударыў скалу, і лінулі воды, і ручаі пацяклі. «Але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народу Свайго?»

21 І пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля,

22 бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае.

23 І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба,

24 і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага.

25 Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь.

26 Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы;

27 і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок каля мора.

28 І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх.

29 І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім.

30 Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх,

31 як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў.

32 Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33 І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — у страху.

34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога,

35 і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні.

36 І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім,

37 і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму.

38 А Ён, спагадлівы, дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць спыняў гнеў Свой, і не абуджаў усю ярасьць Сваю,

39 бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца.

40 Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў бязьлюднай!

41 І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога, і абражалі Сьвятога Ізраіля.

42 Ня памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту,

43 калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цаан.

44 І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія ў кроў, што не маглі піць,

45 спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі.

46 І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы.

47 Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню.

48 І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам.

49 І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў.

50 Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, не захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў.

51 І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама.

52 І вывеў, як авечак, народ Свой, і вёў іх, як статак, праз пустыню.

53 І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла.

54 І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная;

55 і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля.

56 Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі,

57 і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварочваліся, быццам той лук здрадлівы.

58 І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі раздражнялі Яго.

59 Пачуў Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем.

60 І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей;

61 і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — у рукі прыгнятальніка.

62 І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.

63 Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя.

64 Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65 І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога віно разьвесяліла,

66 і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх.

67 І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма,

68 а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў.

69 І пабудаваў Ён як высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе на вякі.

70 І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых.

71 Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную.

72 І ён пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго, і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help