ЛЯВІТ 17 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ляв 17

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Із­ра­іля, і скажы ім: “Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД.

3 Калі хто з дому Ізраіля заб’е вала, або авечку, або казу ў табары або па-за табарам

4 і не прывядзе іх да ўваходу ў Намёт Спатканьня, каб скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ перад сялібай ГОСПАДА, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў, і будзе выключаны той чалавек з народу свайго.

5 Дзеля таго сыны Ізраіля будуць прыводзіць ахвяры свае, якія дасюль складалі ў полі, да ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры мірныя для ГОСПАДА.

6 І пакропіць сьвятар крывёй ахвярнік ГОСПАДА пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня, а тлушч спаліць на мілы пах ГОСПАДУ.

7 Ужо ня будуць складаць ахвяраў для казлоў, з якімі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іхніх”.

8 І скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, будзе складаць ахвяру цэласпаленьня або ахвяру

9 і не прывядзе яе да ўваходу ў Намёт Спатканьня, каб ахвяраваць ГОСПАДУ, будзе чалавек той выключаны з народу свайго.

10 Калі хто з дому Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, будзе есьці кроў, Я скірую аблічча Маё супраць душы, якая есьць кроў, і вынішчу яе спаміж народу яе.

11 Бо душа цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярніку перамольвалі ёю за душы вашыя, бо кроў перамольвае за душу.

12 Дзеля таго Я сказаў сынам Ізраіля: "Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві". І прыха­дзень, які жыве сярод вас, ня будзе спажываць крыві.

13 Калі хто з сыноў Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, упалюе дзікага зьвера або птушку, якіх можна есьці, няхай вылье з іх кроў і закрые яе пылам.

14 Бо душа кожнага цела ў крыві ягонай; і Я сказаў сынам Ізраіля: "Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў крыві ягонай. Кожны, хто будзе спажываць яе, будзе вынішчаны".

15 Кожны тутэйшы або прыхадзень, які будзе есьці мяса падліны або разьдзёртай, няхай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, і будзе ён нячысты да вечара, а станецца чыстым.

16 Калі ж хто не памые адзеньня і ня вымые цела свайго, бу­дзе насіць правіну сваю”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help