ІСАЯ 2 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 2

1 Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса, пра Юду і Ерусалім.

2 І станецца ў апошнія дні, што гара Дому ГОСПАДА ўзвысіцца па-над усе горы і ўздымецца над узгоркамі, і пасьпяшаюцца да яе ўсе народы.

3 І пойдуць народы шматлікія, і скажуць: «Хадземце, узыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і няхай Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцеж­ках Ягоных, бо з Сыёну выйдзе Закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму».

4 І Ён будзе судзіць народы і вінаваціць многіх людзей. І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і ня будуць больш вучыцца ваяваць.

5 Доме Якуба! Хадземце і будзем хадзіць у сьвятле ГОСПАДА.

6 Ты адкінуў народ Твой, дом Якуба, бо яны напоўнены з усходу, і варажбітамі, як Філістынцы; і з сынамі чужынцаў яны ў згодзе.

7 І напоўнілася зямля ягоная срэбрам і золатам, і няма канца скарбам ягоным, і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца калясьніцам ягоным.

8 І напоўнілася зямля ягоная ідаламі, і ён пакланяецца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы ягоныя.

9 І пахіліўся чалавек, і прынізіўся кожны, і Ты не даруй ім.

10 Увайдзі ў скалу, схавайся ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ, перад бляскам велічы Ягонай.

11 Пыхлівыя вочы чалавека спакорацца, і ўзьвялічваньне чалавека будзе паніжана. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень.

12 Бо дзень ГОСПАДА Магуцьцяў на ўсё ганарыстае і пыхлівае, і на ўсіх пыхліўцаў, каб упакорыліся,

13 і на ўсе кедры Лібану, гонкія і ўзьнёслыя, і на ўсе дубы Башану,

14 і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі ўзьнесеныя,

15 і на ўсе вежы высачэзныя, і на ўсе муры ўмацаваныя,

16 і на ўсе караблі Таршышу, і на ўсе ўпрыгожваньні пажаданыя.

17 І будзе паніжана пыхлі­васьць чалавека, і будзе спакорана ўзьвялічваньне людзей. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень,

18 і ідалы цалкам зьнікнуць.

19 І ўвойдуць у пячоры ў скале і ў ямы ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.

20 У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якія зрабіў сабе, каб пакланяцца ім,

21 і ўвойдзе ў пячоры і шчыліны скалаў ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.

22 Пакіньце на чалавека, у якога дыханьне ў ноздрах ягоных, бо што ён варты?

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help