2 САМУЭЛЯ 3 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Сам 3

1 І была доўгая вайна паміж домам Саўла і домам Давіда. І Давід ставаўся мацнейшым, а дом Саўла слабеў.

2 І нарадзіліся ў Давіда сыны ў Хеўроне. Першародным быў Амнон ад Ахіноам з Езрээлю,

3 а другім быў Хілеаў ад Абігайль, жонкі Наваля з Кармэлю, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Тальмая, валадара Гешуру,

4 а чацьвёртым — Адонія, сын Хагіты, а пятым — Шэфатыя, сын Абіталі,

5 а шостым — Ітрэам ад Эглі, жонкі Давіда. Яны нарадзіліся Давіду ў Хеўроне.

6 І калі была вайна паміж домам Саўла і домам Давіда, Абнэр ставаўся мацнейшым у доме Саўла.

7 У Саўла была наложніца на імя Рыцпа, дачка Аі. І сказаў Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»

8 І моцна ўзлаваўся Абнэр дзеля словаў Ішбашэта, і сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёньня я зьяўляю міласэрнасьць дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і цябе не аддаў у рукі Давіда, а ты сварышся на мяне сёньня з прычыны жанчыны гэтай?

9 Няхай гэта зробіць Бог з Абнэрам, і яшчэ дадасьць, калі я не зраблю Давіду так, як ГОСПАД запрысяг яму,

10 што Ён забярэ валадарства ў дома Саўла і паставіць пасад Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дану аж да Бээр-Шэвы».

11 І той ня мог адказаць Абнэру ані слова, бо баяўся яго.

12 І паслаў Абнэр пасланцоў ад сябе да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?», і кажучы: «Заключы запавет са мной, і вось, рука мая будзе з табою, каб прывесьці да цябе ўвесь Ізраіль».

13 І сказаў: «Добра, я заключу з табой запавет, але толькі прашу цябе пра адну рэч, кажучы: “Ты ня ўбачыш аблічча майго, калі не прывядзеш Міхаль, дачку Саўла, калі прыйдзеш убачыць аблічча маё”».

14 І паслаў Давід пасланцоў да Ішбашэта, сына Саўла, кажучы: «Вярні мне жонку маю Міхаль, якую я набыў за сто скуравінак Філістынскіх».

15 І паслаў Ішбашэт, і ўзяў яе ад мужа ейнага, Пальтыэля, сына Ляіша.

16 І ішоў за ёй муж ейны, плачучы аж да Бахурыму, але Абнэр сказаў яму: «Вяртайся!» І ён вярнуўся.

17 І зьвярнуўся Абнэр да старшыняў Ізраіля, кажучы: «Яшчэ ўчора і пазаўчора хацелі вы мець валадаром сваім Давіда.

18 І цяпер зрабіце гэта, бо ГОСПАД сказаў Давіду, кажучы: “У руцэ слугі Майго Давіда выратаваньне народу Майго, Ізраіля, з рук Філістынцаў і з рук усіх ворагаў ягоных”».

19 І гаварыў Абнэр у вушы Бэн’ямінцам. І пайшоў Абнэр у Хеўрон, каб сказаць у вушы Давіду ўсё, што добрае ў вачах Ізраіля і ў вачах усяго дому Бэн’яміна.

20 І прыйшоў Абнэр да Давіда ў Хеўрон, і дваццацьць ваяроў з ім, і Давід справіў банкет Абнэру і людзям ягоным, што былі з ім.

21 І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да гаспадара майго, валадара, увесь Ізраіль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І адпусьціў Давід Абнэра, і ён пайшоў у супакоі.

22 І вось, слугі Давіда і Ёаў прыйшлі з выправы і прынесьлі вялікую здабычу. А Абнэра не было з Давідам у Хеўроне, бо адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі.

23 І прыйшоў Ёаў і войска, якое з ім, і паведамілі Ёаву, кажучы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да валадара, і ён адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі».

24 І прыйшоў Ёаў да валадара, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр. Навошта ты адпусьціў яго, і ён адыйшоў?

25 Ты ведаеш Абнэра, сына Нэра. Ён прыйшоў, каб падмануць цябе, і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца, што ты робіш».

26 І выйшаў Ёаў ад Давіда, і паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіры, а Давід ня ведаў.

27 І вярнуўся Абнэр у Хеўрон, а Ёаў адвёў яго ў сярэдзіну брамы, каб з ім таемна пагава­рыць, і ўдарыў яго там у жывот, і памёр за кроў Асаэля, брата Ёава.

28 І пачуў Давід пра гэта, і сказаў: «Не вінаваты ані я, ані валадарства маё перад ГОС­ПАДАМ на вякі ў крыві Абнэра, сына Нэра.

29 Няхай спадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; няхай не спыняецца ў доме Ёава хворы на выцёкі, пракажоны, той, які ходзіць з кійком, забіты ад мяча і той, хто патрабуе хлеба».

30 А Ёаў і Абішай, брат ягоны, забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іхняга, у Гібэоне ў час бою.

31 І сказаў Давід Ёаву і ўсяму народу, які з ім: «Разьдзярыце адзеньне вашае і апраніцеся ў рызьзё, і лямантуйце дзеля Абнэра». І валадар Давід ішоў за целам ягоным.

32 І пахавалі Абнэра ў Хеўроне, валадар узьняў голас свой і плакаў над магілай Абнэра, і плакаў увесь народ.

33 І засьпяваў валадар жалобны сьпеў дзеля Абнэра, і сказаў: «Ці ж сьмерцю нікчэмнага мусіў паміраць Абнэр?

34 Рукі твае не былі зьвязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы, а ты загінуў, як гінуць ад злодзеяў». І ўвесь народ пачаў яшчэ больш плакаць над ім.

35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ дзень, але прысягнуў Давід, кажучы: «Няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ дадасьць, калі я перад заходам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».

36 І ўвесь народ даведаўся гэта, і было добрым гэта ў вачах ягоных, як і ўсё, што рабіў валадар, было добрым у вачах усяго народу.

37 І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што Абнэр, сын Нэра, быў забіты не праз валадара.

38 І сказаў валадар слугам сваім: «Ці ж вы ня ведаеце, што сёньня ў Ізраілі загінуў князь і вялікі чалавек?

39 Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на валадара, а гэтыя людзі, сыны Цэруі, мацнейшыя за мяне. Няхай адплаціць ГОСПАД злачынцы паводле ліхоты ягонай».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help